Спецыяльнага пасланца Трампа па пытаннях Украіны і Расіі Кіта Келага не дапусцілі да перамоваў пра спыненне вайны пасля заяваў Крамля пра нежаданне бачыць яго на сустрэчах. Пра гэта паведамляе NBC News са спасылкай на прадстаўнікоў адміністрацыі ЗША і расійскіх афіцыйных асобаў.
Адстаўны генерал-лейтэнант Кіт Келаг адсутнічаў на двух нядаўніх самітах у Саудаўскай Аравіі, дзе амерыканскі бок сустракаўся з прадстаўнікамі Расіі і Украіны, хоць такія перамовы ўваходзяць у сферу яго абавязкаў.
«Келаг — былы амерыканскі генерал, занадта блізкі да Украіны. Ён не той чалавек, які нам патрэбны, і не таго ўзроўню, які мы шукаем», — заявіў расійскі чыноўнік, што пажадаў застацца неназваным.
З ягоных словаў, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін таксама палічыў Келага настроеным занадта па-праўкраінску.
Прадстаўнік адміністрацыі Трампа, таксама на ўмовах ананімнасці, пацвердзіў, што Расія не захацела бачыць Келага на перамовах. Аднак не ўдакладніў, калі менавіта Крэмль перадаў гэтае патрабаванне Беламу дому.
Незразумела, як гэтае рашэнне паўплывае на далейшую ролю Келага ў перамоўным працэсе. Ягоны офіс не даў каментароў пра прычыны адсутнасці на сустрэчах і пра тое, ці сапраўды Расія запатрабавала яго выключыць.
Між тым прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джэймс Х’юіт заявіў, што Дональд Трамп прыцягвае да перамоваў некалькі высокапастаўленых прадстаўнікоў сваёй адміністрацыі, каб дасягнуць мірнага вырашэння канфлікту ва Украіне. Ён таксама падкрэсліў, што Келаг застаецца важным удзельнікам каманды, асабліва ў пытаннях, звязаных з перамовамі з еўрапейскімі саюзнікамі.
Келаг, якому цяпер 80 гадоў, — адданы прыхільнік Трампа і займаў некалькі пасадаў падчас яго першага прэзідэнцкага тэрміну, у тым ліку адказваў за пытанні абароннай палітыкі.
Да свайго прызначэння ў студзені на пасаду спецпасланца па пытаннях міру паміж Расіяй і Украінай Келаг крытыкаваў замежную палітыку адміністрацыі Байдэна, называючы яе «некампетэнтнай».