Намеснік кіраўніка Савета бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што Малдова можа паўтарыць лёс Украіны, калі прызнае генацыдам голад у краіне ў пасляваенныя 1946−1947 гады. Так экс-прэзідэнт Расіі адрэагаваў на адпаведную прапанову спікера малдаўскага парламента Ігара Гросу.
«Ва Украіне шлях ад фармалізацыі „галадаморскіх казак“ у 2006 годзе ў выглядзе адпаведнага закона да стварэння ў 2014 годзе першага нацысцкага батальёна, а пасля палка і брыгады „Азоў“ заняў менш за 10 гадоў. Усё гэта — звёны аднаго ланцуга: фашызацыі краіны і стварэння ў грамадстве атмасферы нянавісці. Хто б мог падумаць пра гэта ў „Незалежнай“ у 2006 годзе?
А ўсё ад „гульняў“ з гісторыяй. Не варта з ёю бяздумна гуляць, каб у выніку не аказацца на новай вайне! Ці Малдавія сапраўды хоча падзяліць лёс б. Украіны?» — напісаў Мядзведзеў «ВКонтакте».
Мядзведзеў ва ўласцівай яму манеры назваў малдаўскага дэпутата «наглым лицемерным дураком», «придурком», «младофальсификатором истории из числа соросовских выкормышей». І заявіў, што той хоча «ператварыць трагедыю супраць нашай агульнай тады краіны ў фарс».
Голад, які ахапіў у 1946−1947 гадах тады Малдаўскую ССР, паводле розных ацэнак, забраў жыцці ад 70−80 тысяч да 150−200 тысяч чалавек. Яго прычынамі сталі засуха і палітыка найвышэйшага крамлёўскага кіраўніцтва.