У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ў Херсонскай вобласці збілі самалёт Су-25, а ў Данецкай — Су-24 Паветраных сіл Украіны. Ва ўкраінскім Генштабе расказалі, што, нягледзячы на значныя страты, расійскія войскі працягваюць штурмаваць Бахмут і яго ваколіцы. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны лічаць, што ў расійскіх сіл, якія панеслі значныя страты ў бітвах за Бахмут і Вуглядар, заканчваюцца баяздольныя рэзервы для працягу наступальных аперацый.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 377-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: адбілі больш за 140 варожых атак
Расійскія войскі засяроджваюць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках. Як паведамляе Генштаб УСУ, за мінулыя суткі УСУ адбілі больш за 140 атак праціўніка.
— Расійскія сілы нанеслі 50 авіяцыйных і пяць ракетных удараў, правялі 59 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Падчас авіяўдараў праціўнік выкарыстаў 11 БПЛА тыпу «Шахед-136», дзевяць з якіх былі збітыя.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках абстрэлам падвергліся раёны 14 населеных пунктаў.
— На Купянскім і Ліманскім напрамках войска РФ спрабавала прарваць украінскую абарону, правёўшы беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў кірунку населеных пунктаў Гранікаўка, Неўскае, Белагораўка і Фёдараўка. З артылерыі абстраляныя 14 населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку расійскія войскі, нягледзячы на значныя страты, працягваюць штурмаваць Бахмут і яго ваколіцы. За мінулыя суткі толькі каля вёскі Дубова-Васільеўка праціўнік правёў 37 атак, вёў наступ у раёнах населеных пунктаў Белагораўка, Фёдараўка, Жалязнянскае, Ягаднае і Іванаўскае — поспеху не меў. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся раёны 11 населеных пунктаў.
— На Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках расіяне беспаспяхова праводзілі наступальныя дзеянні ў кірунку населеных пунктаў Новакалінава, Краснагораўка, Каменка, Паўночнае, Першамайскае, Невельскае і Мар'інка Данецкай вобласці. Варожым абстрэлам падвергліся 11 населеных пунктаў.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі вядуць абарону. Абстрэлам падвергліся 15 населеных пунктаў.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 15 удараў па раёнах канцэнтрацыі расійскіх войскаў, а таксама ўдар па зенітна-ракетным комплексе на агнявой пазіцыі.
— Украінскія абаронцы збілі расійскі самалёт Су-25 і яшчэ восем дронаў розных тыпаў акрамя згаданых ужо «Шахед-136».
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі пункт кіравання, восем раёнаў канцэнтрацыі праціўніка, два сродкі супрацьпаветранай абароны, артылерыйскае падраздзяленне на агнявых пазіцыях, склад боепрыпасаў і радыёлакацыйную станцыю праціўніка.
У Генштабе таксама паведамілі, што людзей на акупаваных тэрыторыях прымушаюць атрымліваць расійскія пашпарты. Так, з 1 студзеня ў асобных населеных пунктах Запарожскай вобласці тыя, хто не мае пашпарта грамадзяніна РФ, не могуць атрымаць грашовыя выплаты, у прыватнасці зарплату, бо разлік мусіць ажыццяўляцца выключна праз карты расійскіх банкаў.
Каб засцерагчы сваіх вайскоўцаў, у часова акупаваным Луганску расійскае камандаванне вырашыла выкарыстоўваць частку гарадской паліклінікі ў якасці казармы. У памяшканне ўжо завезеныя двух’ярусныя ложкі для асабовага складу, заявілі ў Генштабе.

Мінабароны РФ: збілі Су-24 і Су-25 Паветраных сіл Украіны
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што наносілі ўдары па падраздзяленнях УСУ на шасці напрамках.
— На Купянскім напрамку авіяцыя і артылерыя Заходняй групоўкі войскаў пабілі жывую сілу і тэхніку УСУ ў раёнах населеных пунктаў Гранікаўка, Пясчанае, Крухмальнае Харкаўскай вобласці, Стальмахоўка і Розаўка Луганскай вобласці. Знішчаныя звыш 30 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab, самаходная гаўбіца «Акацыя».
— На Чырвона-Ліманскім напрамку артылерыя групоўкі войскаў «Цэнтр» і авіяцыя нанеслі ўдары па падраздзяленнях УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае, Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці і Грыгораўка Данецкай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя да 125 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя машыны пяхоты, тры баявыя браніраваныя машыны, а таксама гаўбіцы Д-20 і Д-30.
— На Данецкім напрамку падчас актыўных дзеянняў падраздзяленняў Паўднёвай групоўкі войскаў, удараў авіяцыі і артылерыі за суткі знішчаныя звыш 75 украінскіх вайскоўцаў, два танкі, тры баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, баявая машына РСЗА «Смерч» і гаўбіца Д-30. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Маркава Данецкай вобласці знішчаная радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-37. У раёне населенага пункта Аўдзееўка Данецкай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 110-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках авіяцыя і артылерыя групоўкі войскаў «Усход» наносілі комплексныя ўдары па падраздзяленнях УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар, Паўлаўка, Навасёлка Данецкай вобласці, Даражнянка і Малая Такмачка Запарожскай вобласці. Страты праціўніка за суткі на гэтых напрамках склалі звыш 60 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, самаходная артылерыйская ўстаноўка М109 Paladin, артылерыйская сістэма М777, а таксама гаўбіца Д-30.
— На Херсонскім напрамку падчас агнявога паражэння за суткі знішчаныя да 35 украінскіх вайскоўцаў, чатыры аўтамабілі, а таксама дзве гаўбіцы Д-30.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 74 артылерыйскім падраздзяленням УСУ, жывой сіле і тэхніцы ў 128 раёнах. Збітыя самалёты Су-24 і Су-25 Паветраных сіл Украіны. Перахопленыя 12 рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS і знішчаныя 11 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Пуцін прапусціў «мабілізацыйнае акно»
Украіна пакуль працягне абараняць Бахмут. Хоць горад не мае прынцыповага значэння ні ў аператыўным, ні ў стратэгічным плане, яго абарона набыла стратэгічнае значэнне. Пра гэта гаворыцца ў свежай зводцы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны.
Узяцце Бахмута неабходнае, але недастатковае для далейшага наступлення расійскага войска ў Данецкай вобласці, адзначаюць эксперты. Пры гэтым расійскія сілы ўжо панеслі такія страты ў баях за горад, што іх наступ, хутчэй за ўсё, дасягне кульмінацыі адразу, як яны захопяць Бахмут, калі не раней. Такім чынам, страта Бахмута не ўяўляе сур’ёзнай аператыўнай або стратэгічнай праблемы для Украіны, лічаць у ISW.
Але барацьба Украіны за Бахмут набыла стратэгічнае значэнне з прычыны цяперашняга складу расійскіх сіл, дыслакаваных у гэтым раёне. За Бахмут цяпер змагаюцца элітныя часткі ПВК Вагнера і расійскіх паветрана-дэсантных частак. Для Украіны з’яўляецца прывабнай магчымасць нанесці страты элітным элементам ПВК Вагнера і іншых падраздзяленняў, якія будуць задзейнічаныя ва ўмовах абарончай гарадской вайны, дзе УСУ знаходзіцца ў выйгрышнай пазіцыі. І ўладальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын, мабыць, асцерагаецца, што яго сілы марнуюцца менавіта такім чынам.
Тым часам Крэмль зноў спрабуе правесці кампаніі па наборы добраахвотнікаў і прыхаванай мабілізацыі, каб пазбегнуць яшчэ аднаго буйнога прымусовага прызыву рэзервістаў, адзначаюць у Інстытуце. Так, расійскія тэлеграм-каналы зноў пачалі рэкламаваць набор у добраахвотніцкія батальёны, некаторыя мясцовыя чыноўнікі цяпер ствараюць мабільныя цэнтры вярбоўкі, каб прапагандаваць добраахвотную вайсковую службу па кантракце, а расійскія ультранацыяналістычныя сацыяльныя сеткі таксама ўсё часцей рэкламуюць набор наймітаў для падраздзяленняў ПВК Вагнера амаль у 30 гарадах Расіі.
Такія кампаніі могуць таксама сведчыць пра тое, што ў Крамля заканчваюцца баяздольныя рэзервы для працягу наступальных аперацый пасля бітвы за Бахмут і няўдалых наступленняў у раёне Вуглядара і ў Луганскай вобласці. Таксама ў ISW адзначаюць, што аднаўленне кампаній па наборы добраахвотнікаў і прыхаванай мабілізацыі, імаверна, сведчыць таксама пра тое, што Крэмль пачне чарговую хвалю мабілізацыі не раней за лета 2023 года, бо вясновы цыкл прызыву мусіць пачацца ўжо 1 красавіка. Як раней адзначалі ў Інстытуце, яны з восені 2022 года назіралі шматлікія прыкметы таго, што Расія рыхтуецца правесці другую хвалю мабілізацыі. Аднак Пуцін прапусціў «мабілізацыйнае акно»: Мінабароны Расіі, імаверна, не зможа прыступіць да працэсаў мабілізацыі рэзервістаў найбліжэйшым часам, бо расійскія ваенкаматы маюць адміністрацыйны патэнцыял для падрыхтоўкі і фармавання адначасова ўсяго 130 тысяч прызыўнікоў за паўгадавы цыкл. Гэта абмежаванне, імаверна, тлумачыць, чаму 300 тысяч рэзервістаў, прызваных восенню, вучыліся групамі, а не ўсе адразу, а таксама чаму расійскія войскі выкарыстоўваюць палігоны Беларусі для зладжвання злучэнняў, якія панеслі страты ва Украіне.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі працягвалі наносіць наземныя ўдары на паўночны захад ад Сватава і ў раёне Крамянной;
- расійскія войскі замацавалі тэрытарыяльныя заваёвы ў Бахмуце, але яшчэ не атачылі горад і не вымусілі ўкраінскія войскі адступіць;
- расійскія сілы працягвалі наносіць наземныя ўдары ў раёне Аўдзееўкі і на захад ад Данецка;
- расійскія сілы працягваюць змагацца за захаванне кантролю над дэльтай ракі Днепр у Херсонскай вобласці;
- расійскае ваеннае камандаванне не можа належным чынам узброіць свае сілы, нягледзячы на тое, што тыя ўсё часцей вядуць блізкія баі ва Украіне;
- украінскія афіцыйныя асобы паведамілі пра меркаваныя ваенныя злачынствы Расіі ва Украіне.