У дачыненні да беларускага прадпрымальніка і фармаколага Дзмітрыя Раманоўскага, які з’яўляецца заснавальнікам і генеральным дырэктарам некалькіх фармацэўтычных кампаній у Расіі, завялі крымінальную справу аб замаху на махлярства ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт. 30, ч. 4 арт. 159 КК РФ), паведамляе тэлеграм-канал ВЧК-ОГПУ. Публікацыю заўважыла «Наша Ніва».
Сваёй віны Дзмітрый Раманоўскі не прызнае, але рашэннем суда змешчаны ў СІЗА.
У Беларусі Раманоўскі вядомы не толькі як бізнэсмен, але і як навуковец. З 2004 па 2006 год ён быў кіраўніком створанага ім Цэнтра фармакалогіі і таксікалогіі, намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2006 годзе на аснове гэтага цэнтра быў створаны Інстытут фармакалогіі і біяхіміі Акадэміі навук, а Раманоўскі стаў ягоным першым дырэктарам і займаў гэтую пасаду да 2011 года.
Сцвярджаецца, што «пад яго кіраўніцтвам была створаная сучасная навукова-даследчая база інстытута ў Мінску і Гродне, створаныя нацыянальны гадавальнік і эксперыментальна-біялагічная клініка, закладзеныя навуковыя школы фармакалогіі, таксікалогіі і малекулярнай медыцыны, сфармаваныя навуковыя кірункі і праграмы, распрацаваныя і ўкаранёныя ў вытворчасць дзясяткі новых лекавых сродкаў, пабудаваны фармацэўтычны завод „Акадэмфарм“, сфарміраваная дарожная карта развіцця фармацэўтычнай прамысловасці Беларусі да 2025 года».
У гэты час Раманоўскі, акрамя кіравання інстытутам, шмат часу прысвячаў справе разгортвання ў Беларусі фармацэўтычнай прамысловасці, а пасля выйшаў на самастойны бізнэс-шлях, у тым ліку ў Расіі.
Цяпер па адной справе з Раманоўскім, як паведамляецца, праходзіць прэзідэнт дабрачыннага фонду «Чырвоны верасень», ветэран ФСБ Віталь Казлоў. Яму выстаўлена абвінавачванне ў пасярэдніцтве пры перадачы хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 291.1 КК РФ). Казлоў таксама арыштаваны.
У мінулым годзе ў Расіі былі праводзіліся судовыя разгляды адносна фірмаў «Масмедпрэпараты» і ТАА «Нанаген Рус», да стварэння і кіравання якімі меў дачыненне Дзмітрый Раманоўскі.