Сістэма кантролю за ўездам і выездам грамадзян трэціх краін з ЕС (The Entry/Exit System, EES) мусіла запрацаваць яшчэ ў траўні 2023-га. Пасля запуск не раз пераносілі. У сераду, 5 сакавіка, краіны Еўрасаюза нарэшце дамовіліся, што EES можа запрацаваць ужо гэтай восенню. Як тады беларусы будуць трапляць у краіны Шэнгенскай зоны? Ці пусцяць без біяметрычнага пашпарта? А штампы працягнуць ставіць? Адказваем на пытанні пра перасячэнне мяжы паводле новых правілаў.
Як будзе праходзіць уезд у Шэнгенскую зону?
EES будзе працаваць на тэрыторыі Шэнгенскай зоны — агулам у 29 дзяржавах (у тым ліку і ў тых, што не ўваходзяць у ЕС, як, напрыклад, Швейцарыя ці Нарвегія). Калі вы выправіцеся ў адну з гэтых краін пасля запуску сістэмы, то на мяжы супрацоўнікі пашпартнага кантролю ўнясуць вашыя персанальныя звесткі ў яе. У тым ліку адбіткі пальцаў і фота. Падчас наступных паездак іх проста звераць.
У некаторых пунктах пропуску таксама паставяць прылады для самаабслугоўвання — каб паскорыць працэс, частку інфармацыі пра сябе можна будзе ўвесці там. Тое самае дазволіць зрабіць спецыяльная мабільная праграма. Праўда, для якіх краін яна будзе працаваць і дзе яе можна спампаваць, на сайце ЕС пакуль не сказана.
Самастойная рэгістрацыя не будзе роўная праходжанню памежнага кантролю. Пасля гэтага ўсё роўна давядзецца сустрэцца з супрацоўнікам, у якога ўжо будуць усе вашыя звесткі (у тым ліку і звесткі пра праверку па іншых базах). Таксама сістэма адразу пакажа яму, колькі дзён вы можаце знаходзіцца ў Шэнгене.
Памежнік можа задаць дадатковыя пытанні (а можа і не) і ўжо на падставе ўсёй інфармацыі прыняць рашэнне, ці прапускаць вас у краіну.
Мяркуецца, што EES спросціць працу супрацоўнікаў пашпартнага кантролю, а сама працэдура праходжання мяжы будзе хутчэйшая.
Ці можна заехаць са звычайным беларускім пашпартам або патрэбны біяметрычны?
Трапіць у Шэнгенскую зону паводле новых правілаў можна будзе з любым дакументам. Як сказана на сайце ЕС, і звычайны, і біяметрычны пашпарты — падстава для ўезду ў краіны, якія далучыліся да EES.
Але з біяметрычным дакументам вы атрымаеце невялікую перавагу. Падчас першага ўезду ў гэтую зону розніцы не будзе, але вось у наступныя зможаце праходзіць мяжу хутчэй. Для гэтага трэба будзе зарэгістравацца праз прыладу для самаабслугоўвання. І калі сістэма не выявіць перашкод для вашага ўезду ў краіну, ісці да супрацоўніка на пашпартны кантроль не давядзецца.
Ці абавязкова здаваць адбіткі пальцаў на мяжы? А калі ўжо рабілі гэта для візы?
Паводле правілаў EES, нельга трапіць у Шэнгенскую зону, не здаўшы адбіткі пальцаў. Калі адмовіцца, вас проста не прапусцяць.
Падчас падачы на кароткатэрміновую шэнгенскую візу ў беларусаў даўно бяруць адбіткі пальцаў. Яны захоўваюцца ў візавай інфармацыйнай сістэме (ВІС), якая будзе звязаная з ЕЕЅ. І дубляваць іх не будуць. Атрымліваецца, што ў такім выпадку здаваць адбіткі паўторна на мяжы беларусам не давядзецца.
У пашпарт усё яшчэ будуць ставіць штампы?
Для тых, хто любіць калекцыянаваць штампы ў пашпарце, непрыемныя навіны (але тыя, хто беражэ чыстыя старонкі, узрадуюцца). Калі сістэма запрацуе, іх ставіць больш не будуць. Выключэнне — Кіпр і Ірландыя. Памежнікі гэтых краін працягнуць штампаваць пашпарты ўручную.
Біяметрыю пачнуць збіраць кожны раз?
Не зусім. Пасля таго як вашыя фота і адбіткі пальцаў загрузяць у сістэму EES, яны будуць захоўвацца там тры гады і адзін дзень з апошняга выезду з Шэнгенскай зоны. Роўна тры гады з гэтага моманту будзе захоўвацца і інфармацыя пра ўезд і выезд.
На практыцы гэта значыць, што, калі вы будзеце ехаць у Шэнген другі раз, супрацоўнікі пашпартнага кантролю проста звераць вашыя адбіткі пальцаў і фота са звесткамі ў сістэме. Плануецца, што гэта зойме менш часу, чым праверка на мяжы цяпер.
У рэдкіх выпадках вашыя звесткі могуць сабраць паўторна. Але праз што гэта можа адбыцца, на сайце ЕС пакуль не ўдакладняецца.
Што яшчэ будзе захоўвацца ў сістэме?
Акрамя біяметрычных звестак у базе будзе захоўвацца інфармацыя пра вас (поўнае імя, дата нараджэння і г. д.), дата і месца кожнага ўезду і выезду з Шэнгенскай зоны. Таксама будзе відаць, ці адмаўлялі вам раней ва ўездзе.
Што будуць рабіць з маімі звесткамі?
Як мы ўжо казалі, калі вы не парушаеце правілаў знаходжання ў іншай дзяржаве, біяметрыя і інфармацыя пра ўезд/выезд будзе захоўвацца тры гады. Калі ж вы заехалі на тэрыторыю Шэнгена, але не выехалі, персанальныя звесткі захаваюць на пяць гадоў.
Выключэнне — сямейнікі грамадзян ЕС (або грамадзян краін, для якіх няма абмежаванняў у падарожжах па ЕС). У гэтым выпадку інфармацыя пра ўезд і выезд застаецца ў сістэме адзін год, а калі вы не пакінеце тэрыторыю ЕС, адлік дзён знаходжання весціся не будзе.
Пакуль вашая біяметрыя і іншая інфармацыя захоўваецца ў сістэме EES, іх будуць абараняць нацыянальныя органы ўлады краін Шэнгена. Сцвярджаецца, што звесткі не змогуць перадаваць трэцім асобам.
Але ёсць выключэнні. Інфармацыю змогуць атрымліваць памежныя, візавыя і іміграцыйныя службы і Еўрапал (паліцыя ЕС). Таксама «пры выкананні строгіх умоваў» вашыя звесткі могуць перадаць іншай дзяржаве або міжнароднай арганізацыі (ААН, Міжнародная арганізацыя па міграцыі або Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа), калі ўзнікне неабходнасць.
Транспартныя кампаніі атрымаюць толькі частковы доступ. Яны змогуць правяраць, ці выкарысталі ўладальнікі кароткатэрміновых візаў дазволеную колькасць уездаў або дзён знаходжання. Іншых персанальных звестак яны не ўбачаць.
Новыя правілы ўезду і выезду закрануць усіх?
Рэгістравацца ў сістэме EES трэба, калі вы не грамадзяне краіны ЕС. Пры гэтым не абышлося без выключэнняў. Новыя правілы не будуць распаўсюджвацца на беларусаў, калі:
- у вас від на жыхарства ў краіне ЕС або віза, якая дазваляе знаходзіцца на тэрыторыі Шэнгена доўгатэрмінова (напрыклад, навучальная ці працоўная);
- у вас від на жыхарства і вы з’яўляецеся сваяком грамадзяніна краіны, якая не ўваходзіць у ЕС, але грамадзяне якой могуць бесперашкодна падарожнічаць па Еўрасаюзе;
- вы скіроўваецеся ў ЕС па працы (перавод у межах адной кампаніі), для правядзення даследаванняў, навучання, стажыроўкі, валанцёрства, праграм абмену або адукацыйных праектаў;
- у вас ёсць дзейны дазвол на мясцовае памежнае перамяшчэнне;
- вы едзеце праз ЕС транзітам на цягніку і не выходзіце дзе-кольвек на тэрыторыі дзяржавы — сябра Еўрасаюза.
Таксама новая сістэма не закране грамадзян Андоры, Манака і Сан-Марына, уладальнікаў пашпартоў, выдадзеных Ватыканам ці Святым Пасадам, кіраўнікоў дзяржаваў і іншых грамадзян, якім даюцца пэўныя прывілеі што да памежнага кантролю. А таксама ўдзельнікаў брыгад пасажырскіх і грузавых цягнікоў міжнародных зносін.
Ці павялічацца чэргі праз новую сістэму?
Магчыма, адразу пасля запуску чэргі і праўда трохі вырастуць — і супрацоўнікам пунктаў пропуску, і падарожнікам трэба будзе разабрацца з новай сістэмай.
Але паводле задумы EES, наадварот, мусіць знізіць час праходжання мяжы. Як за кошт аўтаматызаваных праверак, так і з дапамогай сістэм самаабслугоўвання, якія хутчэйшыя і зручнейшыя для падарожнікаў.
Навошта наогул ЕС уводзіць новыя правілы? І раней жа ўсё працавала
Часткова на гэтае пытанне мы пачалі адказваць вышэй. Але акрамя выгоды для падарожнікаў прычынай увядзення EES шмат у чым стала пытанне бяспекі.
Цяперашняя сістэма праверкі людзей уручную займае шмат часу, не забяспечвае надзейнага збору звестак пра перасячэнне мяжы і не дазваляе сістэматычна выяўляць падарожнікаў, якія перавысілі максімальную працягласць дазволенага знаходжання.
У Еўрасаюзе разлічваюць, што новая сістэма праверкі будзе спрыяць спыненню нелегальнай міграцыі, тэрактаў і іншых злачынстваў і дапаможа абараніць бяспеку грамадзян.
Чытайце таксама