Перыядычна ў айчынных СМІ ўсплываюць гісторыі беларусаў, якіх завербаваў КДБ. Арганізацыя былых сілавікоў BELPOL апублікавала сваё расследаванне пра тое, якім чынам спецслужбы схіляюць да супрацоўніцтва, як гэта распазнаць і што рабіць, калі гэта кранула вас. «Люстэрка» публікуе кароткі пераказ асноўных момантаў.
Прадстаўнік арганізацыі Мацвей Купрэйчык расказаў, што BELPOL не раз выкрываў спробы вярбоўкі спецслужбамі беларусаў, якія жывуць за мяжой. Гэтым займаюцца і беларускія, і расійскія спецслужбы.
Прыцягнуць да супрацоўніцтва спрабуюць самых розных людзей: студэнтаў, працоўных мігрантаў, прадстаўнікоў СМІ, палітычных актывістаў і ўдзельнікаў парамілітарных фармаванняў. З імі неабавязкова афармляюць нейкі кантракт — часам для пачатку ўзаемадзеяння дастаткова вуснай згоды.
У BELPOL апісалі самыя частыя схемы, паводле якіх вярбуюць беларусаў.
Ціск праз родных
Адзін са сцэнараў — прэсінг на родных ці блізкіх, якія засталіся ў Беларусі. Да сям'і таго, хто выехаў, прыходзяць сілавікі, праводзяць ператрусы, выклікаюць на допыты, арыштоўваюць маёмасць.
Далей родных просяць звязацца з чалавекам за мяжой і перадаць яму кантакт прадстаўніка спецслужбаў. Калі чалавек выходзіць на сувязь, яму абяцаюць вырашыць усе пытанні пасля вяртання ў краіну. І даюць даручэнні. Пачынаюць з простых — напрыклад, перадаць інфармацыю, якая і так агульнавядомая. Потым задачы ўскладняюцца.
Што рабіць у такой сітуацыі? Вось тры парады ад BELPOL.
- Не верыць абяцанням. «Вас абавязкова падмануць, і вынікам такога супрацоўніцтва, калі гэта можна так назваць, будзе не вырашэнне праблем, а ўзнікненне новых, у тым ліку турэмнае зняволенне для вас і вашых блізкіх», — кажа Мацвей Купрэйчык.
- Не спрабуйце самастойна гуляць у «аператыўныя гульні». «У вас не атрымаецца доўга падманваць спецслужбы і „саскокваць“ з іх заданняў. У выніку можна пагоршыць становішча вашых блізкіх», — лічыць прадстаўнік BELPOL.
- Ацэніце рызыку для вашых блізкіх. У выпадку рэальнай небяспекі арганізацыя раіць вывозіць сваякоў з Беларусі.
Даручэнні ўцёмную
Яшчэ адзін сцэнар супрацоўніцтва са спецслужбамі: выпадковыя знаёмыя могуць звяртацца з просьбамі — даволі нявіннымі на першы погляд. Напрыклад, падвезці на аўтамабілі, перадаць камусьці дакументы ці грошы. Часам нешта трэба адвезці ў іншы горад, часам — у іншую краіну. За «заданне» могуць плаціць.
У BELPOL раяць не брацца за такія даручэнні ад малазнаёмых людзей.
— Нібыта ў гэтых дзеяннях няма нічога незаконнага, але ў пасылцы можа аказацца выбуховае прыстасаванне, а на флэшцы — фота вайсковых аб’ектаў ці сакрэтная інфармацыя. А грошы могуць перадавацца для агентуры за шпіёнскую дзейнасць, — перасцерагае Купрэйчык.
У выпадку судовага разбіральніцтва той, каго выкарыстоўвалі ўцёмную, можа ўнікнуць крымінальнага пакарання. Аднак на час следства такі чалавек можа трапіць пад арышт — BELPOL вядома пра такія выпадкі.
Вярбоўка пад «чужым сцягам»
Прыклад такой вярбоўкі — гісторыя Алега Аксёнава, актывіста з Магілёва, які жыве ў Польшчы. Каля года ён збіраў інфармацыю пра мерапрыемствы беларускіх дэмсілаў. Аксёнаў думаў, што дасылае справаздачы прадстаўнікам Еўрапейскай падліковай палаты. У рэальнасці ж ён год прапрацаваў на беларускія спецслужбы, якія падманулі яго ў момант найму.
Як не трапіць у такую сітуацыю? Вось што рэкамендуюць у BELPOL:
- верыфікуйце свае кантакты. Праверце ў інтэрнэце інфармацыю пра тых, хто вам піша. Ці існуюць такія людзі? Як яны выглядаюць? Чым займаюцца?
- калі вам напісалі ад імені арганізацыі — звяжыцеся з ёй праз афіцыйныя кантакты;
- памятаеце, што сакрэтны збор інфармацыі можа быць крымінальным злачынствам.
Вярбоўка праз мэсэнджары
Схема такая: з незнаёмага акаўнта — звычайна ў Telegram — піша незнаёмы. Кажа, што звяртаецца па рэкамендацыі агульных знаёмых. І просіць вырашыць за грошы нейкае пытанне.
— Ведамства, якое ён прадстаўляе, альбо тых самых агульных знаёмых вярбоўшчык не называе, — апісвае сцэнар прадстаўнік BELPOL. — На ўдакладняльныя пытанні, хто ён такі, ухіляецца ад адказу, гаворыць, можна сказаць, загадкамі.
Просьбы могуць быць рознымі: ад здымання фота ці відэа аж да здзяйснення дыверсій ці атак на палітычных і грамадскіх актывістаў.
— Паводле звестак BELPOL, за забойства ці нанясенне сур’ёзных цялесных пашкоджанняў прапануецца грашовае ўзнагароджанне ў сотні тысяч еўра. За менш значнае даручэнне, напрыклад, распаўсюд агітацыйных улётак ці нанясенне правакацыйных надпісаў плацяць ад дзясяткаў да сотняў еўра за адну акцыю, — сцвярджае Мацвей Купрэйчык. — Большасць з тых, каму пішуць, адмаўляецца ад выканання такіх задач. Але ёсць тыя, хто згаджаецца.
Калі вас спрабуюць завербаваць (ці вам так здаецца), BELPOL раіць абавязкова задакументаваць гэтую спробу і захаваць перапіску. Далей варта ўзяць час на роздумы і звярнуцца з афіцыйнай заявай ва ўпаўнаважаныя структуры той краіны, дзе вы знаходзіцеся.
— Гэтым вы не толькі засцеражаце сябе, але і, магчыма, сарвяце планы спецслужбаў рэжыму, уратуеце камусьці жыццё і здароўе ў далейшым, — тлумачыць Купрэйчык. — Дзейнічайце згодна з указаннямі прадстаўнікоў кампетэнтных дзяржаўных органаў, у якія вы звярнуліся.
Чытайце таксама