У пачатку верасня Польшча зноў пачала прымаць ад беларусаў дакументы на турыстычныя візы. Эксперты разлічвалі на шчодры і працяглы шэнген. Але спачатку «пропуск» на ўезд у Еўропу нярэдка выдавалі ўсяго на 5−15 дзён. Паралельна з гэтым у самой краіне-суседцы разгарэўся візавы скандал. Ці адбілася гэта на тых, хто вырашыў выпрабаваць лёс і запісацца на падачу на польскі шэнген? Даведаліся ў тых, хто нядаўна атрымаў адказ на запыт візы, і ў эксперта.
Імёны герояў змененыя з меркаванняў бяспекі.
«Калі б напісала на іншыя даты і забраніравала гатэль на даўжэй, мне б адкрылі візу на больш»
18-гадовая студэнтка Марына з Мінска ў лістападзе плануе сустрэцца са знаёмым у Варшаве. На турыстычны шэнген яна падалася ў канцы верасня. Кажа, пра візавы скандал у Польшчы чытала, таму рыхтавала дакументы, не асабліва разлічваючы на поспех.
— Рэгістравалася з дапамогай агенцтва. Яго паслугі каштавалі 940 рублёў, але нечакана ўсё афармленне вылілася мне прыкладна ў 700 еўра (больш за 2,4 тысячы рублёў, тут і далей сумы паводле курсу Нацбанка на 6 кастрычніка. — Заўв. рэд.). Сюды ўвайшлі грошы на рахунку, якія патрэбныя, каб даць выпіску з банка, плата за браніраваане гатэля і сама віза, — пералічвае суразмоўніца і ўдакладняе: — Гады чатыры таму шэнгенская віза ў мяне ўжо была. Тады я афармляла яе праз Эстонію.
У Польшчу дзяўчына збіраецца паехаць на пяць дзён, але ў агенцтве ёй параілі прасіць візу «мінімум на тыдзень». Там жа папярэдзілі: у візавым цэнтры трэба будзе напісаць маршрутны ліст. А ў ім распісаць планы на падарожжа.
— Я паказала, як і калі буду дабірацца ў Польшчу, дзе збіраюся жыць, куды хадзіць, — расказвае Марына і шчыра прызнаецца: — У мяне ёсць планы на паездку, але яны не толькі турыстычныя, таму ў візавым цэнтры зайшла ў інтэрнэт, паглядзела, якія славутасці ёсць у Варшаве і якія б хацела паглядзець, глянула час іх працы, як да іх дабрацца, і паспрабавала дэталёва ўсё апісаць. Умоўна, у 14.00 паеду ў парк, вечарам у [Каралеўскі] замак. Так я распланавала літаральна пару дзён, на астатнія на аркушыку, які мне выдалі, не хапіла месца. У канцы толькі паказала, што ў такую і такую дату вярнуся назад.
У агенцтве дзяўчыну папярэдзілі, што адказ прыйдзе праз паўтара-два тыдні. Так і здарылася. У першыя дні кастрычніка кур’ер прывёз Марыне пашпарт. У ім была віза. Аднаразовая. Знаходзіцца ў Польшчы студэнтка можа тыдзень цягам 20 дзён.
— Калі ўбачыла, узрадавалася, — стрымана апісвае свае эмоцыі суразмоўніца і не хавае, што тэрмін яе засмучае. — Цяпер здаецца, калі б напісала на іншыя даты і забраніравала гатэль на даўжэй, мне б адкрылі візу на больш. Хоць, калі адправіла фота свайго шэнгена ў агенцтва, яны адказалі: «Так, палякі цяпер адкрываюць толькі на пару дзён». Знаёмы нядаўна афармляў польскую [гасцявую] візу праз запрашэнне, усё прайшло добра. Думаю, калі б у мяне такое было, я б не вельмі перажывала, калі падавалася.
Валянціна з Гродзенскай вобласці — акурат з тых, хто падаваўся на візу з запрашэннем ад сябра-паляка. Да гэтага, кажа, у яе была «куча шэнгенаў па турызме». Паралельна з ёй па лісце ад гэтага ж прыяцеля дакументы на шэнген афармляў яшчэ адзін чалавек. У выніку ім абаім далі гадавыя візы. Толькі прыяцелю паставілі «мультыўезд на 365 дзён», а Валянціне — «аднаразовы на 90 дзён». Чаму так, яна не ведае.
— Патэлефанавала ў турфірму, якая мяне рэгістравала. Там, пачуўшы, што ў мяне гадавая віза з аднаразовым уездам, не паверылі. Даслала ім фота. «Упершыню пра такое чуем, — сказалі мне і адзначылі: — Самі сядзім у шоку, бо ідуць адмовы за адмовамі», — апісвае сітуацыю суразмоўніца. — Візу мне ставілі ў Варшаве, але я набрала яшчэ і нашае мясцовае консульства. Расказала ім сваю сітуацыю. «Лічыце, вам пашанцавала, што далі хаця б адзін уезд. У вас гэта практычна адмова, — патлумачыла супрацоўніца, а на пытанне, як такое можа быць, сказала: — [Консул] мае права не тлумачыць прычын, чаму яму не спадабаліся вашыя дакументы. Гэта на яго асабістае меркаванне». Я ўдакладніла, ці варта падаваць апеляцыю. Яна адказала, што гэта робяць, калі людзі атрымліваюць адмову. Супрацоўніца параіла паехаць у госці да сябра, а пасля вяртання па гэтым жа запрашэнні, бо яно на год, зноў падацца. Акрамя таго, яна папярэдзіла, што знаёмаму могуць патэлефанаваць, спытаць, ці ведае ён мяне, ці прыязджаю я да яго.
Валянціна вырашыла скарыстацца гэтай рэкамендацыяй і пасля паездкі зноў выпрабаваць лёс.
«Пакуль даюць слоты, лепш браць, потым і гэта могуць прыкрыць»
У візавых тэлеграм-чатах, дзе людзі абмяркоўваюць, як падаюцца на візы, некаторыя расказваюць, што апошнім часам атрымалі польскі шэнген на паўгода, год, два. Адна з дзяўчат пахвалілася, што ёй выдалі гасцявую візу на пяць гадоў.
Крысціне 33, у пачатку кастрычніка кур’ер таксама прывёз пашпарт пасля падачы. Мінчанка кажа, што, адкрыўшы яго, «проста ахранела». Там стаяў двухгадовы турыстычны мультышэнген з магчымасцю знаходзіцца ў Еўропе 90 дзён на паўгода. Дзяўчына прызнаецца, што гэта была першая ў яе жыцці шэнгенская віза. Сярод дакументаў, якія яна падавала, было пасведчанне на кватэру ў Беларусі. Акрамя таго, яе папрасілі скласці маршрутны ліст.
— Чытала некаторыя артыкулы, звязаныя з візавым скандалам. Была ўпэўненая на 99 працэнтаў, што атрымаю адмову, — прызнаецца Крысціна і тлумачыць, чаму ўсё ж рызыкнула: — Паездку планавала ўжо даўно. Перажывала, вядома, што падаюся не ў самы ўдалы час, але вырашыла, ужо як будзе. Як паказвае жыццё, не трэба чакаць прыдатнага моманту, яго не будзе ніколі.
Пазіцыя мінчука Георгія, яму 26 гадоў, такая: «Пакуль даюць слоты, лепш браць, потым і гэта могуць прыкрыць». Ён таксама не стаў чакаць, пакуль у Польшчы скончыцца гісторыя з візавым скандалам. Сам злавіў свабоднае акенца і ў сярэдзіне верасня запісаўся на падачу. Да паходу ў візавы цэнтр падрыхтаваўся грунтоўна: акрамя неабходных дакументаў распісаў маршрутны ліст. Апошні, праўда, у яго не ўзялі, патлумачылі гэта тым, што цяпер гэтага дакумента няма ў спісе абавязковых.
У візавай гісторыі маладога чалавека былі два шэнгены — польскі і грэцкі. Турыстычную візу ён прасіў на пяць гадоў, але яму адмовілі. Пашпарт з адказам кур’ер прывёз у пачатку кастрычніка. Апускаць рукі Георгій не плануе і паспрабуе паўтарыць спробу. Зноў жа праз Польшчу.
— Выбар у беларусаў невялікі. Германію чакаць доўга, па Грэцыі цяпер пачынаюць адмовы даваць, па астатніх краінах, думаю, таксама сітуацыя не вельмі, а з працоўнымі візамі звязвацца не хочацца, — тлумачыць ён. — Паездку запланаваў на зіму, таму нават бронь гатэля, якую рабіў для падачы, не адмяняў.
У мужа мінчанкі Галіны, якой 50 гадоў, падобная сітуацыя. У канцы верасня мужчына таксама атрымаў адмову. У ёй было напісана: «Недастаткова падставаў для турыстычнай візы». Хоць, са словаў суразмоўніцы, «дакументы былі сабраныя ўсе, не падкапаешся». Рэгістраваліся платна, за слот аддалі 600 рублёў.
— У мужа была выпіска з рухам па рахунку за тры месяцы, там ляжала 1500 даляраў (каля 5 тысяч рублёў. — Заўв. рэд.). Даведка з месца працы за тры месяцы, а таксама забраніраваны і аплачаны гатэль на тыдзень. Акрамя таго, ён прыклаў тэхпашпарт на аўтамабіль, бо збіраўся ехаць на машыне, і страхоўку на год, якую купіў за 70 еўра (прыкладна 245 рублёў. — Заўв. рэд.), — пералічвае суразмоўніца і кажа, што маральна да адмоўнага выніку яны былі гатовыя. — У ноч перад атрыманнем адказу прачыталі ў вас на сайце артыкул пра адмовы. Але ўсё роўна расстроіліся.
У апошнія гады ў мужа Галіны было тры шэнгены — два польскія і адзін іспанскі.
— У нас у Польшчы жыве дачка, нам трэба да яе з’ездзіць, таму цяпер муж плануе купіць аўтобусны тур у Еўропу і так падацца на візу. Я таксама так атрымала свой шэнген, — расказвае суразмоўніца. — Думаю, гэта самы рабочы варыянт. Нават калі дадуць разавую, ты не так моцна засмучаешся. Прынамсі можна пракаціцца, праветрыцца, атрымаць глыток свежага паветра.
На пытанне, праз якую краіну муж цяпер плануе падавацца, жанчына адказвае, што праз Венгрыю. Кажа, нядаўна аўтобусны тур у гэтую краіну купіла яе знаёмая, і ёй далі візу на тры гады.
Што кажуць эксперты
На пытанне, ці паўплываў візавы скандал у Польшчы на сітуацыю з выдачай шэнгенаў беларусам, Анастасія Лысакоўская, аўтарка праекта пра карпаратыўную рэлакацыю reloby.io, пакуль адказваць не бярэцца. Кажа, трэба чакаць афіцыйных каментароў. Хоць, адзначае, многія візавыя і трэвэл-спецыялісты мяркуюць: пачашчэнне адмоваў — непасрэднае наступства скандалу. Паводле яе словаў, на пачатак кастрычніка вынікі па выдачы турыстычных і дзелавых польскіх візаў «несуцяшальныя, але аптымізму становіцца больш».
— Адмовы Польшча цяпер ставіць часцей, чым звычайна, і логіка гэтага працэсу пакуль не зразумелая, — адзначае Анастасія. — Адмаўляюць у тым ліку тым, у каго цалкам аплачаная турыстычная паездка і цалкам празрыстыя дакументы, якія пацвярджаюць дзелавыя візіты ў Польшчу. Разам з тым ёсць добрыя выхады візаў пры наяўнасці вялікай візавай гісторыі. І хоць тэндэнцыяй гэта пакуль назваць нельга, з кожным днём такіх выпадкаў становіцца больш. Цяпер у асноўным мы бачым выхады турыстычных візаў пад паездку з вялікім калідорам — паўгода, год, за рэдкім выключэннем шэнген даюць на большы тэрмін. У сеціве часта можна ўбачыць фатаграфіі пяцігадовых візаў, але, калі дэталізаваць, як правіла, гэта фота адных і тых жа візаў.
Спецыялістка адзначае, што ў сістэме рэгістрацыі на падачу дакументаў за месяц нічога не змянілася: запісацца самому па-ранейшаму «надзвычай складана».
— Цяпер слоты выкідваюць на гэтым тыдні з падачай на наступным. Дадатковых месцаў амбасады і візавыя цэнтры не даюць, прынамсі па маіх назіраннях, — кажа суразмоўніца. — Кошт запісу на турызм у агенцтвах вар’юецца ў межах 400−700 рублёў.
Ці ўскладніць сітуацыю з падачай на польскія візы тое, што цяпер запісвацца ў візавым цэнтры беларусы мусяць у адпаведнасці з рэгістрацыяй? Экспертка лічыць, што так.
— Тут адзначаецца іншая, якасна новая праблема: пры адмове вы ўжо не зможаце падаць дакументы ў іншым рэгіёне, акрамя Гродзенскай акругі (сюды ўваходзяць візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе. — Заўв. рэд.), дзе застаецца магчымасць падачы без тэрытарыяльнай прыкметы, — адзначае Анастасія. — Хутчэй за ўсё на Гродзенскую акругу ляжа дадатковая нагрузка, і, імаверна, найбліжэйшым часам тут таксама рэфармуюць сістэму запісу.
Чытайце таксама