Аўтамабілі з беларускімі нумарамі мусяць быць вывезеныя з Латвіі ці перарэгістраваныя ў краіне да 31 кастрычніка. Калі гэтага не зрабіць, транспартны сродак могуць канфіскаваць. Адпаведныя папраўкі ў закон ухваліла Камісія латвійскага Сейма па навакольным асяроддзі і рэгіянальнай палітыцы, мяркуецца, што законапраект будзе разгледжаны на паседжанні Сейма 5 верасня, піша Delfi.
Законапраект прадугледжвае, што зарэгістраваныя ў нашай краіне транспартныя сродкі, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Латвіі, мусяць быць вывезеныя або перааформленыя на латвійскія нумары да 31 кастрычніка. Калі гэтага не зрабіць у названы тэрмін, аўтамабіль могуць канфіскаваць.
Пасля 31 кастрычніка аўто з беларускімі нумарамі змогуць заязджаць у Латвію толькі для аднаразовага перасячэння тэрыторыі краіны транзітам. Для гэтага трэба будзе папярэдне звярнуцца ў Дырэкцыю бяспекі дарожнага руху Латвіі. Таксама пасля гэтага тэрміну ў краіну змогуць заязджаць аўтамабілі беларускіх дыпламатычных і консульскіх службаў, амбасадаў і дэлегацый, альбо з гуманітарнымі мэтамі.
Выключэнне зробяць для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі, якія кіруюць спецыяльна абсталяванымі асабістымі аўто, зарэгістраванымі ў Беларусі, калі ўезд плануецца з мэтай наведвання бацькоў, дзяцей ці мужа, якія жывуць у Латвіі. У гэтым выпадку чалавек зможа папрасіць у Службы фінансавай выведкі дазволу заехаць на тэрыторыю Латвіі.
Таксама служба будзе выдаваць дазволы на ўезд у тых выпадках, калі міністр замежных справаў запатрабуе разгледзець заяву на ўезд у Латвію па асаблівых пытаннях, звязаных з нацбяспекай. Дазвол на ўезд і знаходжанне на тэрыторыі Латвіі можа быць выдадзены на тэрмін да трох месяцаў.
Аналагічны закон, які прадугледжвае канфіскацыю транспартных сродкаў, быў прыняты ў Латвіі пасля ўвядзення забароны на ўезд аўтамабіляў з расійскімі нумарамі.
Мяркуецца, што законапраект набудзе моц на наступны дзень пасля яго апублікавання. Аналагічнае рэгуляванне цяпер дзейнічае для аўтамабіляў, зарэгістраваных у Расіі.
Камісія папросіць Сейм уключыць законапраект у парадак дня паседжання Сейма сёння, 5 верасня, каб разгледзець яго ў першым чытанні і вызначыць яго актуальнасць.
Сітуацыя з уездам аўто на беларускіх нумарах у ЕС
29 чэрвеня Рада ЕС распаўсюдзіла на Беларусь санкцыі, якія раней увялі супраць Расіі. Новыя абмежаванні скіраваныя на гандаль, паслугі, транспарт і перадухіленне абыходу наяўных санкцый.
Сярод іншага была пашыраная забарона на перавозку грузаў аўтатранспартам па тэрыторыі ЕС прычэпамі і паўпрычэпамі з беларускай рэгістрацыяй, у тым ліку падчас перавозкі грузавікамі, зарэгістраванымі не ў Беларусі.
У сярэдзіне ліпеня Латвія, Літва і Эстонія забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі (у Літве гэтае абмежаванне ў поўнай меры пачало дзейнічаць 16 жніўня). Польшча пакуль дазваляе ўезд беларускіх легкавікоў, хоць і з некаторымі абмежаваннямі. У прыватнасці, уласнік аўтамабіля мусіць абавязкова знаходзіцца за рулём ці, прынамсі, у салоне. Гэта датычыць і аўто, якія належаць юрыдычным асобам.
Пазней у Латвіі паведамілі, што ў асобных выпадках усё ж будуць прапускаць праз мяжу аўтамабілі з беларускімі нумарамі. Аднак для гэтага давядзецца даказаць, што аўто ўвозяць у краіну не для продажу.
Офіс лідаркі беларускіх дэмсілаў Святланы Ціханоўскай прапанаваў шэрагу краін ЕС змякчыць абмежаванні на пропуск праз мяжу аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. Гаворка ідзе пра «максімальна шырокія» выключэнні з новых правілаў, паведаміў дарадца палітыка Франак Вячорка.