У бальніцы хуткай дапамогі ў Віцебску прайшла праверка аказання экстраннай дапамогі, якую ўзначальвала галоўная доктарка Рэспубліканскага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, сенатарка Ірына Абельская, якую ў СМІ называюць маці Мікалая Лукашэнкі. Па выніках праверкі некалькі чалавек страціла працу, паведамляе тэлеграм-канал «Белыя халаты».
«У выніку гэтага мерапрыемства былі знятыя з пасады: галоўны доктар Андрэй Захараў, галоўная медсястра Надзея Рыбалка, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Васіль Мусійчук», — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама адзначаецца, што выканаўцам абавязкаў галоўнага доктара прызначаны намеснік па медыцынскай частцы Аляксандр Віннікаў. Тым часам з сайта бальніцы ўжо знікла інфармацыя пра галоўнага доктара.
Нагадаем, што да Захарава пасаду галоўнага доктара Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі займаў Сяргей Лазар, але яго знялі з пасады ў разгар пандэміі каранавіруса вясной 2020 года. Тады амаль пяць месяцаў бальніца працавала пад кіраўніцтвам выканаўцы абавязкаў галоўнага доктара Аляксандра Віннікава. Восенню 2020-га на пасаду галоўнага доктара ў гэтай бальніцы быў прызначаны Андрэй Захараў, які вярнуўся праз шмат гадоў з Расіі.