Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  2. «Амкодор» национализировали решением Мингорисполкома с грифом ДСП? BELPOL передал «Зеркалу» непубличный документ
  3. Эксперты проанализировали вчерашнее согласие Путина на прекращение огня, но «с нюансами» — вот их выводы
  4. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  5. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  6. «Обоим грозит исключительная мера». Застреленного в прошлом году мужчину заподозрили в подготовке теракта, по делу проходят его родители
  7. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  8. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  9. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
  10. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  11. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
  12. Навошта Лукашэнку паклікалі ў Маскву, дзе ён заявіў, што Беларусь не ўвойдзе ў склад Расіі? Спыталі ў аналітыка
  13. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
Читать по-русски


Колькасць палітвязняў у Беларусі, паводле звестак праваабаронцаў, у апошнiя месяцы трымаецца на ўроўнi каля 1500 чалавек. Але іх можа быць значна больш — нават у тры разы. Знаходжанне за кратамі цяжка даецца як самім зняволеным, так і іх блізкім — перш за ўсё праз адчуванне несправядлівасці і боль за сваякоў. Але ўскладняецца і іх фінансавае становішча: часта сям’я страчвае дарослага, які забяспечваў яе часткова (а часам і цалкам), да таго ж сваякі імкнуцца палегчыць знаходжанне палітвязня за кратамі з дапамогай перадач. Чытачы «Люстэрка» расказалі свае гісторыі і паспрабавалі падлічыць, колькі выдаткоўвалі на перадачы і пасылкі для родных і незнаёмых людзей.

СИЗО №1 в Минске
Ілюстрацыйны здымак. СІЗА ў Мінску

Паводле звестак сайта Dissidentby, вялікая перадача ў калонію для вязня вагой 50 кілаграмаў, якая закрые яго базавыя патрэбы, каштуе 287 даляраў (гэта 863 рублi па курсе Нацбанка на 27 ліпеня). У калоніях і турмах вельмі абмежаваная магчымасць падтрымаць ежай і іншымі рэчамі звонку. Родныя могуць перадаваць больш, пакуль чалавек знаходзіцца ў СІЗА. Менавіта на гэтым этапе, як кажа адна з гераіняў «Люстэрка», родныя імкнуцца «адкарміць» палітвязняў.

Рэдакцыя «Люстэрка» разам з дзясяткамі іншых незалежных медыя і грамадскіх арганізацый запускае марафон дапамогі палітвязням і іх сем’ям «Нам не ўсё адно!». Мы будзем збіраць грошы для людзей, якіх беларускі рэжым усімі сіламі спрабуе ізаляваць. Улады хочуць, каб палітычныя зняволеныя і іх блізкія адчувалі сябе забытымі — і нам, беларусам, вельмі важна гэтага не дапусціць. Дапамажыце людзям, якія апынуліся за кратамі за свае перакананні.

 

Тут падрабязнасці марафону і важная інфармацыя для чытачоў з Беларусі

Дзеля вашай бяспекі рэдакцыя «Люстэрка» заклікае не данаціць з картак беларускіх банкаў. Калі вы чытаеце гэта знаходзячыся ў Беларусі — вы ўжо робіце вельмі важную справу. Вы пераадольваеце страх і не даяце рэжыму прымусіць вас не глядзець вакол.

Грошы будуць збірацца на адзіны рахунак фонду «21 мая», створанага Вольгай Гарбуновай, прадстаўніцай Кабінета па сацыяльных пытаннях. Пасля яны будуць перададзеныя арганізацыям, якія дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям.

Мінімальнае ахвяраванне ўстаноўленае на ўзроўні 5 еўра для таго, каб не даць нядобразычліўцам заблакаваць кампанію па зборы сродкаў вялікай колькасцю маленькіх плацяжоў — яны выклікаюць падазрэнні ў аплатнай сістэмы, і яна спыняе прыём грошай.

«Перадачы і пасылкі пачаліся з хатняга часнаку»

Марыя (усе імёны ў артыкуле змененыя дзеля бяспекі суразмоўцаў) разам з сям’ёй і некаторымі знаёмымі пачала слаць пасылкі і насіць перадачы палітвязням з 2020 года і робіць гэта да сёння.

— Пачалося ўсё з лістоў — тады яны даходзілі лепш, чым цяпер. У лістах я пісала, каб яны [палітвязні] не саромеліся казаць, калі ім штосьці трэба. У адказ хтосьці адгукнуўся і папрасіў хатняга часнаку. З таго часнаку і пачаліся перадачы, — расказвае Марыя і ўдакладняе, што не ўсё яна купляе. — Напрыклад, у аднаго знаёмага заўсёды ёсць шмат мыла. Ён нам яго аддае — і мы размяркоўваем. У некага ёсць штосьці іншае. У мяне на балконе ўтварыўся невялікі склад, адкуль мы бяром розныя рэчы, нешта дакупляем і робім такую дапамогу.

За гэты час, кажа Марыя, яна даслала пасылкі і аднесла перадачы не менш чым сотні палітвязняў. Але яна не можа падлічыць, колькі на гэта выдаткавала грошай, бо захоўвае чэкі толькі да моманту, пакуль пасылка знойдзе адрасата, а потым іх выкідае. Жанчына асцерагаецца, што іх знойдуць сілавікі, калі з нейкай прычыны прыйдуць да яе дадому. Таму колькасць перадач, пасылак і выдаткі на іх жанчына ніколі не падлічвала. Але раней, кажа, лічыла лісты: на момант, калі яны яшчэ даходзілі, яна даслала іх палітвязням каля 4 тысяч і атрымала каля тысячы адказаў.

— Апошняя пасылка была на 3 кілаграмы. Калі казаць пра тое, што ўнутры, то частку мы купляем, а нешта ў мяне ўжо ёсць, нешта хтосьці дае. Той жа часнок і цыбуля — за іх мы нічога не плацілі, бо людзі нам прыносяць мех, і мы кладзём яго ў пасылкі. Хтосьці прынёс хлябцы — іх таксама паклалі. Самі мы купілі пернікі, сухі булён, апельсіны, лімоны, журавіны ў цукры. На ўсё пайшло рублёў 15 плюс за адпраўку 6 рублёў.

Калі палічыць па мінімуме, 21 рубель за пасылку, то за гэты час Марыя аддала за гэта больш за 2 тысячы рублёў. Але насамрэч — нашмат болей, бо часам і самі пасылкі, і іх адпраўка каштавалі значна больш за 21 рубель.

Кадр из фильма "Дебют" о женской колонии в Гомеле
Кадр з фільма «Дэбют» 2017 года пра жаночую калонію ў Гомелі

— Так атрымалася, што ў некаторых палітвязняў толькі мы і засталіся, — разважае Марыя, кажучы пра прычыны, якія падштурхнулі яе гэтым займацца. — Ёсць тыя, каго кінулі сем'і. Гэта высвятляецца праз перапіску альбо я ў гэтым упэўніваюся, калі стараюся адшукаць родных, а яны не выходзяць на сувязь. Робіцца зрузумела, што там штосьці не тое. Памятаю, быў адзін вязень, які праседзеў два гады ў трох майтках, цыраваных-перацыраваных. Калі мы пра такіх даведваемся, збіраем грошы, прапаноўваем знаёмым дапамагчы, хтосьці дае грошы, хтосьці — нешта іншае.

Марыя расказвае, што часцей за ўсё вязні ёй не пішуць, што ім трэба, за выключэннем тых, каму фізічна неабходныя нейкія рэчы. Напрыклад, адзін прасіў абцужкі для пазногцяў, бо быў вымушаны сточваць іх аб сценку. Але ўвогуле яна зразумела, што ім важныя менавіта ўвага і разуменне, што на іх не забыліся.

— Усе пасылкі розныя: адна важыць 1,5 альбо 6 кілаграмаў, а іншыя — па 30, бо мы дасылалі і рэжымныя перадачы (то-бок пасылкі ў калонію. — Заўв. рэд.). Але мне складана падлічыць выдаткі на гэта. Калі б я карысталася толькі сваімі грашыма, магчыма, было б нашмат менш [пасылак і перадач], і я б ведала, колькі ідзе менавіта нашых грошай. Але ёсць людзі, якія дапамагаюць, таму мы не падлічваем. Мы ж не фонд, дзе фіксуюцца справаздачы, у нас няма такога, што мы за месяц павінныя выдаткаваць вось столькі грошай, — кажа жанчына. — Прыкладна два тыдні таму ў нас была нагода перадаць перадачу, бо былі нейкія прадукты і рэчы, нехта нам прынёс кіпяцільнік. Але грошай у той момант у нас не было нават на тое, каб даслаць пасылку, гэта 6−8 рублёў. І нам проста суседка прынесла дзясятку, кажа: «Два рублі, што застануцца, — табе на канверты».

Заключенные на работе в белорусской ИК-22, 2017 год. Фото: Intex Press
Зняволеныя на працы ў беларускай ПК-22, 2017 год. Фота: Intex Press

— Рабіць гэта на сталай аснове не тое што няпроста — гэта энергетычна складаная праца. Бо гэта і адрозненні ў правілах у СІЗА і калоніях, як што пакаваць, што можна і нельга дасылаць. І гэта абсалютна ідыёцкае [правіла]. Чаму б не зрабіць агульныя правілы, каб чалавек мог нармальна складваць тыя пасылкі? Але ж, мабыць, мэта ў тым, каб яшчэ больш ускладніць жыццё. Гэта даволі цяжка — энергетычна і маральна. Сем'і, чыім родным мы дапамагаем, вельмі ўдзячныя, бо сярод іх ёсць мамы-пенсіянеркі, ці проста сястра, на якой усё ляжыць, ці адна жонка без сваякоў.

«Гэта была прычына заставацца ў Беларусі»

Нечакана для сябе досвед перадачаў палітвязню атрымаў і мінчанін Максім. Недзе пяць месяцаў у 2020−2021 гадах ён кожны тыдзень насіў перадачы свайму сябру, што сядзеў у СІЗА па палітычным артыкуле.

— Стараўся кожны тыдзень адвозіць перадачу, выключэнні былі толькі калі мы выбіралі ліміт (бо яшчэ яго жонка насіла). Мне было прасцей, бо я з Мінска, а ёй трэба было ехаць, плюс у яе дзіця. Я проста за дзень да гэтага ёй пісаў, і мы вырашалі, што перадаць, — успамінае хлопец.

Максім таксама ніколі дэталёва не падлічваў, колькі грошай ідзе на перадачы. Але цяпер, успамінаючы, кажа, што рэчы, якія ён клаў у кожную, агулам каштавалі прыкладна 50−70 рублёў. То-бок за месяц на перадачы трацілася каля 200−280 рублёў. Але часам былі і даражэйшыя.

— Я стараўся збіраць перадачы неэканомныя, і ласося купляў, і арэхі, і сушанае манга — нешта незвычайнае. За ўвесь час было недзе 27 перадач, — расказвае Максім.

Фінансава збіраць перадачы хлопцу было непраблемна, бо ён айцішнік. Але для сярэдняй сям'і, лічыць ён, гэта складаней, асабліва калі яна гадуе дзяцей.

— Аднойчы сябра напісаў, што хопіць ужо каўбасы, бо яе перадавалі і іншым людзям, і яна ўжо не з’ядалася. Потым ад яго быў запыт, каб я перадаў гадзіннік. Я ў той жа дзень паехаў, купіў і перадаў. Яшчэ ён курыў, і мы куплялі яму цыгарэты, але памятаю, што ён аднойчы напісаў, што можна так шмат іх не перадаваць — ён паспрабуе кінуць. Але ад яго было няшмат запытаў і просьбаў. Здаецца, яму было нават неяк няёмка нешта прасіць.

Дзякуючы перадачам Максім быў першым са знаёмых, хто даведаўся пра перавод сябра з СІЗА ў турму. Пра гэта ніхто не думаў, бо вязень чакаў разгляду яго апеляцыі ў судзе. Не ведаў пра перавод нават адвакат.

— Прынёс я перадачу, а мне кажуць: «Усё, няма — выбыў». Я спытаў куды і нават не зразумеў месца, якое мне назвалі. Я на той момант не ведаў кароткіх назваў турмаў. Адразу ж патэлефанаваў яго жонцы, адвакату, — прыгадвае суразмоўца.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: TUT.BY

— Ведаеце, гэта адзін з маіх найлепшых сяброў. Больш за тое, ён паводзіўся ў гэтай сітуацыі… Калі б ён даў слабіну і расказаў тое, чаго ад яго патрабавалі, я б яму не насіў перадачы, а нам бы іх насілі абодвум, — адказвае Максім на пытанне пра тое, чаму гэта рабіў. — Да пэўнага моманту я нават не з’язджаў з краіны, бо гэта была прычына заставацца ў Беларусі: я бачыў, што магу рабіць для яго нешта канкрэтнае. Так, гэта не было крытычна, але я кожны тыдзень насіў, а ён ведаў, што пра яго не забылі, адчуваў, што ёсць нейкая падтрымка.

Пасля вызвалення сябра яны з Максімам амаль не абмяркоўвалі свае эмоцыі, звязаныя з гэтай сітуацыяй. Але аказаўшыся на волі, хлопец ездзіў да бацькоў Максіма (які на той момант з’ехаў з краіны) і дзякаваў ім.

— Не было такога, што на фоне грала музыка, а сябра мне такі: «Максім, дзякуй табе вялікі», усё было проста. Я i так разумею, што ўсё правільна рабіў. Мы неяк без словаў паразумеліся, — кажа мінчанін.

Сын Паліны ў 2020 і 2021 гадах таксама знаходзіўся ў СІЗА. Цяпер — у калоніі. Спачатку жанчына насіла перадачы сыну, а цяпер дасылае пасылкі і іншым знаёмым і незнаёмым палітвязням у СІЗА.

— Варта не толькі пытаць, ці трэба дапамагчы, а рэальна дапамагаць. Бо любая рэч, ад мыла да каўбасы ці цыгарэт, каштуе грошай, часта немалых. А ў многіх з больш чым тысячы палітвязняў сваякі — або пенсіянеры, або мамы з дзецьмі, якія засталіся адны. Для іх кожная рэч — на вагу золата. І кожны выпадак увагі і падтрымкі ім дарагі.

Не ўсё для пасылак Паліна купляе сама, нешта ёй прыносяць знаёмыя.

— З пункту гледжання ежы ў СІЗА не так усё праблематычна, там кормяць, але важна перадаваць вітаміны, зеляніну. Самі палітвязні кажуць, што лепш перадаваць прадукты, якія доўга захоўваюцца і добра ўплываюць на здароўе. Тыя ж сухафрукты ці нават сушаны хлеб з семкамі. Там жа садавіны, гародніны няма наогул. Мы ўсе бачылі людзей, якія выходзяць пасля 2−3 гадоў, а што казаць пра тых, каму далі вялікі тэрмін. І вось пакуль яны ў СІЗА, хочацца іх неяк падкарміць.

Свайму сыну Паліна старалася перадаваць у першую чаргу тое, пра што ён сам прасіў. Але прасіў ён пра нешта вельмі рэдка, «бо ён аскет».

— Перадача кожнаму палітвязню, ды і зняволенаму (паспрабуй цяпер зразумець, хто палітычны, а хто не) — гэта цэлы квэст. Па-першае, гэта грошы, па-другое, стараешся, каб была максімальная карысць пры мінімальнай масе. Акрамя прадуктаў харчавання важныя сродкі гігіены. Бо акрамя асноўнай сваёй функцыі ў шэрых сценах любы водар стварае разнастайнасць і радуе, нагадвае пра любоў блізкіх, — расказвае Паліна.

Фото: TUT.BY
Ілюстрацыйны здымак. Фота: TUT.BY

— Ведаю, адна жанчына сама рабіла духмянае мыла і перадавала яго. Ён [сын] быў проста зачараваны гэтым мылам. Так захапляўся ім. Кажа, дастаў гэты кавалачак — і ўся камера адчула пах нібыта з іншага свету, — кажа Паліна. — У чалавека можна забраць свабоду, блізкіх, камфортныя ўмовы, але жыццё, яго сэнс і нават успаміны, якія ўсплываюць ад водараў, ты ж не забярэш. Як бы сумна гэта ні было, але гэта іх таксама падтрымлівае.

Паліна расказвае, што шмат разоў спрабавала падлічыць, колькі выдаткоўвае на перадачы свайму сыну і пасылкі іншым палітвязням. Але зрабіць гэта дэталёва так і не атрымалася. У сярэднім, кажа яна, перадача ў СІЗА у тыдзень каштуе каля 100 рублёў. Гэта калі без цыгарэт. У калонію іх можна перадаць нашмат радзей, але і вага большая, агулам на яе ідзе каля 1500 рублёў.

— За месяц ты можаш перадаць 30 кілаграмаў. Звычайна перадаюць раз на тыдзень. Выходзіць у сярэднім па 7,5 кг. Акрамя гэтага можаш адправіць пасылку. Спрабуючы палічыць, як гэта выглядае фінансава, кожны раз збівалася, бо ты ўсё роўна не можаш усё ўлічыць. Дапусцім, перадача для чалавека, які едзе ў калонію, або перадача рэчавая, якая належыць адзін раз на год. Гэта майткі, шкарпэткі, форма нават, бо там яе выдаюць зробленую незразумела з якіх хімічных валокнаў, яны нават грубым мужчынам націраюць усё што можна. Тут жа пральны парашок і ўсе мыйныя і касметычныя сродкі. Ты да гэтага рыхтуешся загадзя, бо калі купіць усё адразу, то проста спустошыш свой бюджэт. Я нешта ў краме ўбачу і адразу купляю, — кажа жанчына.