У Берліне 9 снежня адбудзецца ўручэнне 36-й прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі (European Film Awards ці проста EFA) — гэта адна з найбольш уплывовых кінападзей для еўрапейскага рэгіёна і агулам Старога Свету. Сёлета за вынікамі форума варта сачыць, бо ў конкурсе дакументальнага кіно ўдзельнічае фільм «Радзіма» (Motherland) беларускіх аўтараў. У гэтым тэксце мы патлумачым, чаму намінацыя «Радзімы» — сапраўдны прарыў для беларускай кінематаграфіі на міжнароднай культурнай прасторы, і ўспомнім іншыя моманты, калі айчынныя стужкі адзначалі на міжнародных кінапрэміях і ўплывовых фестывалях.
Пра што расказвае фільм «Радзіма» і ці беларуская гэта карціна
«Радзіма» — гэта незалежны дакументальны кінапраект, які здымаўся чатыры гады дуэтам дакументалістаў — Аляксандрам Міхалковічам і Ганнай Бадзякай. Ён прысвечаны аналізу практык выкарыстання гвалту рэжымам Лукашэнкі ў якасці інструмента кантролю як над войскам, так і над грамадствам агулам. «Люстэрка» раней ужо публікавала ўражанні ад прагляду фільма, а таксама размову з яго сустваральніцай.
Важная асаблівасць праекта — выключна замежныя сродкі яго фінансавання. На здымкі «Радзімы» грошы далі кінаінстытуцыі Швецыі, Нарвегіі і Украіны, з беларускага боку фінансавання не было. Таму ў індустрыйным сэнсе фільм замежны, але паводле творчых складнікаў (аўтары, вытворчая група, месца здымак і тэма) ён стапрацэнтна беларускі.
Чаму намінацыя «Радзімы» на EFA — важная падзея для айчыннага кіно
Таму што, як мы ўжо пісалі, прэмія Еўрапейскай кінаакадэміі — адна з самых уплывовых кінападзей усяго еўрапейскага рэгіёна. Фактычна гэта кантынентальная «суперпрэмія», якая штогод падсумоўвае творчыя намаганні кінематаграфістаў з усіх еўрапейскіх краін, не робячы нацыянальнага акцэнту, як фестывалі кшталту Канаў (Францыя) ці Венецыі (Італія). Да таго ж EFA была створаная ў піку прэміі Амерыканскай кінаакадэміі «Оскар», таму яе іранічна называюць «еўраоскарам». Але ў адрозненне ад амерыканскіх кінаакадэмікаў еўрапейскія падыходзяць да ацэньвання стужак з іншага боку, засяроджваючыся не на іх камерцыйным поспеху і медыйнай уплывовасці, а на мастацкіх асаблівасцях і аўтарскім наватарстве.
Таму прайсці адбор і трапіць у намінанты EFA — гэта ўжо паказчык высокай мастацкай якасці праекта.
За 36 гадоў існавання гэтай прэміі карціны беларускіх аўтараў некалькі разоў спрабавалі прабіцца ў лік намінантаў, але шанцавала не ўсім. Так, у 2019 годзе ігравы фільм Аляксея Палуяна «Возера радасці» пра гісторыю беларускай дзяўчынкі Ясі, якую бацька здае ў дзіцячы дом, атрымаў узнагароду на бельгійскім кінафестывалі Leuven International Short Film Festival. А паколькі пераможца фэсту мае права быць кваліфікаваным на EFA, гэта і адбылося — у намінацыі «Найлепшы кароткаметражны фільм». Але да шорт-ліста фільм не дайшоў. Не вырваўся з ліку кандыдатаў у 2022 годзе і нямецкі кароткаметражны дакфільм «Падручнік» (Handbook) беларуса Паўла Можара, прысвечаны карнай сістэме здушэння пратэстаў 2020 года.
А першым намінантам ад Беларусі на прэміію EFA ў 2003 годзе стаў дакументаліст Віктар Аслюк, стужка якога «Мы жывём на краі» (вытворчасць студыі «Летапіс» нацстудыі «Беларусьфільм») прайшла кваліфікацыю ў намінацыі «Найлепшы кароткаметражны фільм». Фільм расказвае пра лакальны апакаліпсіс беларускай вёскі, бераг якой падмывае Нёман, а хаты паступова трапляюць у раку. Фільм здабыў шмат узнагарод, але статуэтка EFA ў выніку прайшла міма яго.
Таму «Радзіма» будзе фактычна другім беларускім фільмам, які паспрабуе скарыць прэмію, але ў іншай намінацыі — для поўнаметражных стужак. Канкурэнцыя сярод дакументальных фільмаў сёлета моцная, і асноўны супернік на гарызонце — дацка-польскі праект «Апалонія, Апалонія» рэжысёркі Леа Глоб. У ім расказваецца пра жыццё і стварэнне кар’еры ў свеце авангарднага мастацтва французскай мастачкі Апалоніі Сокал. Што цікава, продкі дзяўчыны — беларусы, якіх падчас рэпрэсій 1930-х гадоў выселілі ў Сібір, адкуль яны з’ехалі і перасяліліся ў Польшчу, а потым — і ў Францыю. Таму пры жаданні можна будзе заўзець за абедзве стужкі.
Нашы ўдзельнікі «Оскара», Канаў, Берлінале і Венецыі
Сярод беларускіх прэтэндэнтаў на іншыя славутыя кінапрэміі ёсць што ўспомніць.
Калі казаць пра прэмію Амерыканскай кінаакадэміі, то перамога ў ёй застаецца недасягальнай мэтай не аднаго пакалення беларускіх чыноўнікаў. Першыя спробы прабіцца туды былі зробленыя яшчэ ў сярэдзіне дзевяностых.
Так, у 1994 годзе ад Беларусі на «Оскар» у намінацыі «Найлепшая замежная стужка» вылучалася французска-беларуская драма «Я — Іван, ты — Абрам» Іяланды Заберман. Яна расказвала пра жыццё яўрэяў у 1930-я на памежжы Заходняй і Усходняй Беларусі. У 1997-м была спроба вылучыць на прэмію ваенную драму «З пекла ў пекла» Дзмітрыя Астрахана, створаную сумесна нямецкімі, расійскімі і беларускімі кінематаграфістамі. У фільме разгортваецца гісторыя польскай жанчыны, што спрабуе пасля заканчэння вайны і вяртання з канцлагера наладзіць стасункі з дачкой, якую выхоўвала іншая сям’я.
Пасля адбыўся вялікі перапынак да 2010 года, падчас якога беларускія кінематаграфісты знянацку апынуліся ў кроку ад атрымання амерыканскай кінапрэміі. Але гаворка зусім не пра айчынную, а пра замежную стужку — кароткаметражную драму «Дзверы» (2008) ірландскай рэжысёркі Хуаніты Уілсан. Аўтарка ў якасці свайго дэбюта экранізавала маналог Мікалая Калугіна з кнігі Святланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва». Мужчына згубіў сваю дачку, што прымусіла яго адмыслова вярнуцца ў горад Прыпяць, дзе яны жылі з сям’ёй да эвакуацыі. Галоўную ролю ў праекце сыграў беларускі актор Ігар Сігоў, а здымкі планаваліся ў Беларусі, але перанесліся ва Украіну. Праект прайшоў усе адборы і трапіў у шорт-ліст прэміі як «Найлепшы кароткаметражны фільм», а Ігар Сігоў нават ездзіў на цырымонію ў Лос-Анджэлес.
Барацьба за «Оскар» распачалася зноў праз восем гадоў, калі выйшла паспяховая на фестывалях драмедзі «Крышталь» Дар'і Жук, што асэнсоўвала беларускія дзевяностыя. Спецыяльна пад яе на базе «Беларусьфільма» чыноўнікі нават узнавілі працу Беларускага оскараўскага камітэта, які прапрацаваў наступныя некалькі гадоў. Так, у 2019 годзе ён вылучыў на прэмію дакументальны фільм пра жыццё жанчын у калоніі «Дэбют» Анастасіі Мірашнічэнка, а ў 2020-м — ваенную драму «Урокі персідскай» (Persian Lessons) Вадзіма Перэльмана, што справакавала скандал і дыскваліфікацыю фільма з разгляду. Стужка, зробленая ў асноўным расійскімі і нямецкімі кінематаграфістамі, не адпавядала крытэрыям намінацыі Кінаакадэміі для нацыянальнага фільма, а даказаць, што асноўная частка здымачнай групы была беларускай, у Мінску не змаглі. Пасля пачатку вайны ва Украіне новых спроб скарыць «Оскар» «Беларусьфільм» не рабіў.
Далей Каны. На Блакітны бераг Францыі беларусы завіталі толькі аднойчы. У 2012 годзе ваенная драма «У тумане» Сяргея Лазніцы прэтэндавала на «Залатую пальмавую галіну» Канаў у асноўным конкурсе. Экранізацыя аповесці Васіля Быкава, у якой галоўную ролю сыграў актор з Барысава Уладзімір Свірскі, была створаная ў супрацоўніцтве аж пяці краін: Расіі, Германіі, Нідэрландаў, Латвіі і Беларусі. Але поспех тады не ўсміхнуўся аўтарам.
Больш плённым быў удзел беларусаў у нямецкім Берлінале. У 1976 годзе філасофская ваенная драма «Узыходжанне» Ларысы Шапіцька пра партызанаў, што трапілі ў палон да нацыстаў, зазнала сапраўдны трыумф. Экранізацыя яшчэ адной аповесці Васіля Быкава («Сотнікаў») прынесла яго аўтарам ажно чатыры ўзнагароды (Гран-пры, прыз замежнай прэсы FIPRESCI, прызы ад евангелічнага журы і ад Міжнароднай каталіцкай арганізацыі). Фармальна карціна не беларуская — усё ж здымаў яе «Масфільм». Але «Узыходжанне» можна аднесці да айчыннага кіно паводле тых самых крытэрыяў, што і «Радзіму»: у аснову сцэнара лёг твор беларускага аўтара, падзеі таксама адбываюцца ў нашай краіне.
Наступны фільм на фестывалі з’явіўся толькі пасля распаду СССР. Ім была найбольш знакамітая праца знанага беларускага дакументаліста Юрыя Хашчавацкага «Звычайны прэзідэнт». Фільм, якія адлюстраваў першыя крокі Лукашэнкі па выбудоўванні аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі, быў паказаны ў межах секцыі Forum 1997 і нават атрымаў «Прэмію міра» на ім.
Потым наступіла чарга сумеснага беларуска-нямецкага фільма пра Другую сусветную «Бабий Яр» 2003 года выпуска. Яго прасоўваў нямецкі прадусар і сцэнарыст Артур Браўнер, адказны за стварэнне яшчэ адной стужкі пра вайну, якую мы ўзгадалі вышэй, — «З пекла ў пекла». Толькі гэтым разам немец вырашыў супрацоўнічаць не з «Беларусьфільмам», а з прыватнай мінскай студыяй Gran Film. «Бабий Яр» распавёў пра халакост падчас акупацыі Кіева восенню 1941 года, і ў тым жа годзе ў межах «Берлінале» прайшоў спецыяльны паказ.
Потым зноў адбылася амаль дваццацігадовая паўза — Беларусь з’явілася ў межах «Берлінале» ў 2020 годзе, калі там паказалі «Урокі персідскай» (скандал з ім мы ўзгадвалі ў частцы пра «Оскар»), а наступным годам — дакументальны фільм «Смеласць» (Courage) ужо згаданага Аляксея Палуяна. У ім згадваліся падзеі жніўня 2020 году і іншых палітычных пратэстаў сучаснай гісторыі Беларусі. Абедзьве стужкі прысутнічалі ў секцыі Berlinale Special, якая з'ўяляецца часткай праграмы фестывалю, але не закранае асноўны конкурс.
На біенале ў Венецыі беларусы пакуль не траплялі, калі не лічыць ускосную ўзнагароду за ваенную стужку «Ідзі і глядзі», знятую Элемам Клімавым у супрацоўніцтве «Беларусьфільма» і «Масфільма» ў 1985 годзе. Яна атрымала ў 2017 годзе тэхнічную ўзнагароду ў катэгорыі «Венецыянская класіка» за «Найлепшы адрэстаўраваны фільм». І рэстаўравалі яе, і прадстаўлялі ў Венецыі спецыялісты «Масфільма».
Чытайце таксама


