Заснавальніка ПВК Вагнера Яўгена Прыгожына пасля няўдалага мяцяжу адправілі ў своеасаблівую «высылку» ў Беларусь. Гэта далёка не першы прыклад, калі вядомыя асобы пасля апалы ў Расіі знаходзяць прытулак у нашай краіне. Успомнілі гісторыі гэтых людзей: экс-фаварыта імператрыцы, знакамітага палкаводца з гэтай краіны, савецкага міністра, які трапіў у сэкс-скандал, і імавернага забойцу амерыканскага прэзідэнта.
Фаварыт расійскай імператрыцы і ўладальнік Шклова
Сямён Зорыч нарадзіўся ў 1743-м у Сербіі, але ўжо ў дзяцінстве яго прывёз у Расійскую імперыю яго стрыечны дзядзька, які ўсынавіў хлопчыка. У 1777-м магутны князь Грыгорый Пацёмкін зрабіў яго сваім ад’ютантам, а затым прызначыў камандзірам лейб-гусарскага эскадрона — асабістай аховы расійскай імператрыцы Кацярыны II. Неўзабаве Сямён стаў яе афіцыйным фаварытам (такая «пасада» блізкай да манарха асобы тады існавала пры двары ў Расіі), будучы на 14 гадоў за яе маладзейшым.
Заступніцтва Пацёмкіна было невыпадковым. У свой час ён таксама быў фаварытам, пазней, магчыма, нават стаў таемным мужам імператрыцы. Пасля таго як адносіны спыніліся, Пацёмкін захаваў сяброўства з Кацярынай і стараўся сам рэкамендаваць ёй для адносін то таго, то таго мужчыну (у ідэале — без прэтэнзій і палітычных амбіцый), каб захоўваць свой уплыў пры двары. Так здарылася і з Зорычам. Але ўжо праз год той пачаў раздражняць імператрыцу празмерна частай картачнай гульнёй, а Пацёмкіна — тым, што не слухаўся яго.
Да таго часу Расія анексавала ўсходнія тэрыторыі Беларусі. У Зорыча там з’явіліся ўладанні: Кацярына падарыла яму Шклоў і 7 тысяч прыгонных. Менавіта туды яго і адправілі ў высылку, калі загадалі пакінуць Санкт-Пецярбург пасля разрыву адносін з імператрыцай.
Тады Шклоў быў абсалютнай правінцыяй, але Зорыч узяўся за справу. Як адзначаў TUT.BY, новы гаспадар стараўся развіваць эканоміку. За ім з’явіліся шэсць мануфактур: суконная, парусная, залаташвачная фабрыкі, гарбарны і канатны заводы, фабрыка па выпуску камзолаў і шаўковых паясоў. Што да гандлю, то судны Зорыча хадзілі па Дняпры ва Украіну, адкуль прывозілі лімоны, апельсіны, вінаград, фінікі.
Таксама Сямён Зорыч заснаваў у Шклове прафесійны тэатр. Трупа складалася з прыгонных сялян — спевакоў, танцораў, драматычных актораў і музыкаў. У мястэчка тады з’язджаліся знаўцы мастацтва, у тым ліку замежныя — французы, італьянцы, грэкі. «Тутэйшыя прадстаўленні пераўзыходзілі па пышнасці прыдворныя спектаклі рускія, былыя польскія, імператарскія аўстрыйскія ў Шонбруне і французскія ў Версалі», — пісаў знаўца гісторыі рускага тэатра Васіль Сахноўскі.

Сярод гасцей Зорыча была і расійская імператрыца. У траўні 1780-га Кацярына ІІ сустракалася ў Магілёве з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II. Па дарозе ў гэты горад і назад, вяртаючыся ў Санкт-Пецярбург, яна двойчы наведала Шклоў. Экс-фаварыт падрыхтаваў спецыяльную праграму, падчас якой дэкарацыі ў тэатры мяняліся 70 разоў. У гонар Кацярыны далі феерверк з 5 тысяч ракет.
Тэатр Зорыча не захаваўся. Як мяркуецца, на яго месцы — магчыма, нават на падмурку — цяпер стаіць касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла.
Яшчэ адной заслугай Зорыча стала стварэнне Шклоўскага высакароднага вучылішча, дзе вучыліся дзеці збяднелых дваран. Экс-фаварыт усяляк падтрымліваў вучылішча фінансава, хоць быў адчайным карцёжнікам і шмат завінаваціўся. Мяркуюць, што марнатраўная дабрачыннасць і прывяла яго да галечы. Каб закрыць тэму вучылішча, дадамо, што ўжо пасля смерці Зорыча ўстанову перанеслі ў Гродна, затым — у Смаленск. Пасля яшчэ некалькіх пераездаў яно стала Маскоўскім кадэцкім корпусам, адным з самых прэстыжных у імперыі.
Але вернемся да Зорыча. Сярод яго гасцей былі вядомыя карцёжнікі і ашуканцы Анібал і Марк Зановічы. Яны зладзілі ў шклоўскім маёнтку Зорыча падпольны выпуск фальшывых асігнацый. Паводле адной версіі, былы фаварыт імператрыцы і сам удзельнічаў у іх справах. Паводле іншай — аказаўся імі падмануты. Тым не менш скандал дайшоў да Пецярбурга. Разбіраў яго Пацёмкін, які даўно затаіў на ўладальніка Шклова крыўду. У 1784-м Зорыча звольнілі з вайсковай службы, на якой ён яшчэ фармальна быў, пусціўшы за ім сакрэтнае назіранне.

Прайшло 12 гадоў, Кацярына ІІ памерла. Яе сын Павел I, які ўзышоў на трон, вярнуў былога фаварыта імператрыцы на службу ў Санкт-Пецярбург. Але ўжо праз год Зорыч растраціў казённыя грошы і быў аддадзены пад суд. Яго звольнілі канчаткова і загадалі зноў ехаць у Шклоў.
У 1799 годзе ў гэтым горадзе згарэў будынак вучылішча. Магчыма, гэта яшчэ больш ударыла па здароўі экс-фаварыта, які ў тым самым годзе памёр у спустошаным шклоўскім маёнтку. Пасля яго смерці распаўся і тэатр. Многія прыгонныя артысты трапілі ў Пецярбург і Маскву.
Нядоўга жыў у Кобрыне і патапіў у крыві прадмесце Варшавы
У адну эпоху з Сямёнам Зорычам жыў і знакаміты расійскі палкаводзец Аляксандр Сувораў. Нарадзіўшыся ці то ў 1729-м, ці то ў 1730-м (дакладны год не высветлены), ён зрабіў сабе імя ў шматлікіх войнах Расійскай імперыі з Турцыяй. Бітва пры Казлуджы, Кінбурнская бітва, бітва пры Факштанах, бітва пры Рымніку, штурм Ізмаіла і іншыя баталіі ператварылі яго ў аднаго з самых вядомых палкаводцаў свайго часу, што не прайграў ніводнай бітвы. У Расіі Суворава шануюць як аднаго з самых выбітных военачальнікаў у гісторыі. Падчас Другой сусветнай з’явіўся ордэн, названы ў яго гонар. Сувораўскія вучылішчы, якія рыхтавалі эліту савецкай арміі, існавалі па ўсім СССР.
Праўда, ёсць і нюансы. Па-першае, Сувораў не ўдзельнічаў ні ў адной абарончай вайне. Усе канфлікты з яго ўдзелам былі наступальнымі, скіраванымі на захоп Расійскай імперыяй новых тэрыторый або здушэнне наступстваў рэвалюцыі (гаворка пра бітвы з войскамі Францыі, пра што ніжэй). Па-другое, гэтыя дзеянні вяліся на практыцы на тэрыторыі Беларусі і нярэдка былі скіраваныя супраць нашых продкаў.

У 1768 годзе Расія навязала Рэчы Паспалітай (федэрацыя, у складзе якой жылі продкі беларусаў) Варшаўскую дамову, паводле якой Пецярбург стаў гарантам недатыкальнасці ўладанняў і асноўных законаў. Гэта дазваляла Пецярбургу пастаянна ўмешвацца ва ўнутраныя справы РП, якая фактычна стала пратэктаратам Расіі.
Кансерватыўная шляхта абурылася і стварыла ўзброены саюз — Барскую канфедэрацыю. Яе прыхільнікі выступалі супраць умяшання суседзяў ва ўнутраныя справы краіны (але адначасова і супраць якіх-кольвек рэформаў, хоць іх адсутнасць і разбурала РП). Канфедэрацыя была спачатку скіраваная супраць Расіі, а потым — і супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Той папрасіў дапамогі ў Кацярыны II, пасля чаго нашы ўсходнія суседзі адразу ж увялі войскі. Сярод іх была і брыгада Суворава, якая неаднаразова змагалася з канфедэратамі. На рахунку расійскага палкаводца перамогі пад Арэхавам (цяпер аграгарадок у Маларыцкім раёне) і Сталовічах (цяпер аграгарадок у Баранавіцкім раёне). Яны прывялі да паразы Барскай канфедэрацыі і першага падзелу Рэчы Паспалітай.
Другі раз Сувораў трапіў у Беларусь у 1794-м, калі яго адправілі душыць паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі — апошні спрабаваў выратаваць РП ад знішчэння. Войскі Суворава разбілі паўстанцаў, сярод якіх былі продкі сучасных беларусаў, літоўцаў і палякаў, пад Дзівінам (цяпер аграгарадок Кобрынскага раёна), самім Кобрынам, у бітве ля Крупчыц (цяпер Жабінкаўскі раён) і пад Брэстам.
Затым войскі Суворава зайшлі на тэрыторыю Польшчы і ўзялі штурмам Прагу — прадмесце Варшавы. Расійскі генерал Іван фон Клуген успамінаў пра ўзяцце прадмесця: «Па нас стралялі з вокнаў дамоў і з дахаў, і нашыя салдаты, урываючыся ў дамы, забівалі ўсіх, хто ім ні трапляўся. Жорсткасць і прага помсты дайшлі да найвышэйшай ступені. Афіцэры былі ўжо не ў сілах спыніць кровапраліцце. <…> Ля моста здарылася зноў разня. Нашыя салдаты стралялі ў натоўпы, не разбіраючы нікога, — і пранізлівы крык жанчын, крыкі дзяцей наводзілі жах на душу. Справядліва кажуць, што пралітая чалавечая кроў абуджае нешта кшталту ап’янення. Разлютаваныя нашыя салдаты ў кожнай жывой істоце бачылі губіцеля нашых падчас паўстання ў Варшаве. „Няма нікому пардону!“ — крычалі нашыя салдаты і забівалі ўсіх, не адрозніваючы ні гадоў, ні полу. <…> Пасля ўжо прачыталі мы ў данясеннях галоўнакамандуючага, што ў Празе загінула больш за трынаццаць тысяч палякаў і што ў нас забітыя восем афіцэраў і шэсцьсот радавых».
«Добры генерал, расказваючы мне пра пражскі штурм, быў у моцным хваляванні і нават некалькі разоў выціраў слёзы: „Пекла, існае пекла!“ — паўтараў ён некалькі разоў», — цытаваў яго ўспаміны мемуарыст Фадзей Булгарын.
Паўстанне было задушанае, а Рэч Паспалітая спыніла існаванне. Беларускія землі ўвайшлі ў склад імперыі. Сувораў жа за свае «гераічныя дзеянні» атрымаў у 1795-м ад імператрыцы маёнтак Кобрынскі ключ (па сутнасці раён) і 7 тысяч прыгонных сялян.
У наступным годзе Кацярына памерла, на трон узышоў яе сын Павел I, з якім у палкаводца адносіны не склаліся. У лютым 1797-га яго адправілі ў адстаўку без права нашэння мундзіра, і ў канцы сакавіка палкаводзец прыехаў у свой кобрынскі маёнтак. Але доўга пабыць там яму не давялося. На Суворава напісалі данос, што ён рыхтуе мяцеж, пасля чаго ўжо ў канцы красавіка яго адправілі пад нагляд у іншы маёнтак (на тэрыторыі сучаснай Расіі). Так што ў Кобрыне ён пражыў усяго каля месяца.
Апала была нядоўгай. У 1799-м Сувораў зноў спатрэбіўся ўладам. Расія ўступіла ў антыфранцузскую кааліцыю (Еўропа ваявала з войскамі Францыі, дзе за дзесяць гадоў да гэтага здарылася рэвалюцыя), і рускаму палкаводцу даручылі ўзначаліць аб’яднаную руска-аўстрыйскую армію. Неўзабаве тая разбіла французаў і заняла паўночную Італію. Потым былі швейцарскі паход, разрыў саюза з Аўстрыяй — і вяртанне арміі ў Расію. Па дарозе дадому Сувораў захварэў і ў 1800-м зноў спыніўся ў Кобрыне. А потым працягнуў дарогу ў Пецярбург.

Тым часам ён зноў трапіў у няміласць, яго ўрачыстую сустрэчу ў сталіцы адмянілі. Ужо нездаровы Сувораў неўзабаве памёр у доме мужа сваёй пляменніцы.
Справа «гладыятараў»
У пачатку 1955 года на савецкім палітычным Алімпе ўспыхнуў вялікі сэксуальны скандал. У лютым кіраўнік СССР Мікіта Хрушчоў атрымаў ліст. Яго ў архівах знайшоў даследчык Яўген Жырноў.
У лісце гаварылася наступнае: «Мая дачка, дзяўчына 18 гадоў, трапіла ў вялікую бяду. Сяброўка пазнаёміла яе з адным пажылым, гадоў 60, чалавекам, які прадставіўся ёй пісьменнікам Крывашэіным Канстанцінам Кірылавічам. Пачаліся сустрэчы — спачатку ў кіно, потым у рэстаранах, а потым ён угаварыў яе паехаць да яго, ён „будзе чытаць ёй п’есу“. Яна па наіўнасці пагадзілася. Астатняе Вам зразумела. Заўважыўшы, што дачка закінула навучанне і знікае невядома дзе, я пачала яе дапытваць і даведалася ўсё. Я неадкладна паехала да яго, прабыла ў яго шыкоўнай кватэры каля паўгадзіны і ўсё зразумела. <…> Паводле словаў дачкі, у яго [Крывашэіна] пастаянна бываюць нейкія пары. Сярод іх міністр культуры Аляксандраў з кінаартысткай Ларыёнавай, акадэмік Яголін з нейкай „Элай“ з тэатра Вахтангава, праф. Пятроў з „Аняй“ і шмат іншых, прозвішчаў якіх мая дачка не ведала. У кватэры сапраўдны прытон. Распуста, п’янка, разбэшчванне дзяўчат. <…> Нам нічога ад яго не трэба, але я лічу сваім маральным абавязкам паведаміць гэта Вам, каб спыніць гэтую брыду».
Хрушчоў запатрабаваў разабрацца ў гэтым пытанні. Ліст быў праўдай. Арганізатарам падпольнага бардэля быў драматург Канстанцін Крывашэін. Наведнікамі — міністр культуры Георгій Аляксандраў, член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР Аляксандр Яголін, дырэктар Літаратурнага інстытута Сяргей Пятроў, загадчык аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПСС Уладзімір Кружкоў і многія іншыя вядомыя людзі.

Абмеркаванне іх дзеянняў праходзіла на паседжанні бюро Маскоўскага гаркама партыі, на якое прыехаў і сам Хрушчоў. Лідар СССР доўга крычаў на вінаватых, а потым спытаў Аляксандра Яголіна: «Ну, Аляксандраў — мужык малады, я разумею. А ты ў твае гады навошта туды палез?» (Яголіну было 59, Аляксандраву — 47. — Заўв. рэд.) На што той адказаў: «Дык я нічога, я толькі гладзіў…» З таго часу, паводле легенды, усю кампанію пачалі называць «гладыятарамі».
Ужо 10 сакавіка 1955 года ў абкамы, крайкамы і рэспубліканскія ЦК разаслалі закрыты ліст «Пра нягодныя паводзіны тт. Аляксандрава Г. Ф., Яголіна А. М. і іншых», які зачытвалі на сходах ва ўсіх партыйных арганізацыях. У ім адзначалася наступнае: «У выніку праверкі высветлілася, што <…> цягам шэрагу гадоў авантурыст Крывашэін утрымлівае прытон распусты, „дом спатканняў“ у сваёй кватэры і на дачы, куды сістэматычна прыцягвае маладых дзяўчат і жанчын, галоўным чынам з асяроддзя тэатральнай моладзі і студэнтак тэатральных вучылішчаў, спакушаючы іх рознага кшталту падачкамі і абяцаннямі зрабіць кар’еру шляхам знаёмства з адказнымі работнікамі і знакамітымі тэатральнымі і літаратурнымі дзеячамі».

У тым самым лісце паведамлялася, што Крывашэіна арыштавалі. Падстава знайшлася: ён скупляў карціны, а потым перапрадаваў іх. Савецкае заканадаўства трактавала гэта як спекуляцыю.
Шэраг чыноўнікаў звольнілі з пасадаў. Георгія Аляксандрава вырашылі адправіць у высылку ў Мінск. Але ехаць у беларускую сталіцу ён не захацеў. Тады супраць яго выкарысталі кампрамат. У Інстытуце філасофіі Акадэміі навук СССР, які ён узначальваў да прызначэння міністрам, правялі праверку. У справаздачы адзначалася, што «ў інстытуце дапускаліся беспрынцыповасць і безыдэйнасць, парушаўся ленінскі прынцып партыйнасці філасофіі. Груба душылася навуковая крытыка і адсутнічала самакрытыка. Дырэктар Г. Ф. Аляксандраў пераследваў асобаў, што выступалі з крытыкай, выганяў іх з інстытута». Усё гэта было праўдай, але зялёнае святло інфармацыі далі толькі ў патрэбны для ўлады момант. На наступны дзень у экс-міністра яшчэ і забралі мандат дэпутата Вярхоўнага Савета СССР.
Пасля гэтага нічога не заставалася, як пагадзіцца на пераезд. Аляксандраў паехаў у Мінск, дзе стаў загадчыкам сектара дыялектычнага і гістарычнага матэрыялізму Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР — зневажальна нізкая пасада для ўчорашняга міністра. У гэтым статусе ён працаваў да самай смерці ў 1961 годзе. Яму было 53 гады.
Аляксандра Яголіна адправілі на працу звычайным выкладчыкам у маскоўскія ВНУ, ён памёр у 1959-м. Уладзімір Кружкоў паехаў за Урал галоўным рэдактарам свярдлоўскай абласной газеты «Уральскі рабочы». Але пасля смерці Аляксандрава яму даравалі, вярнулі ў Маскву і зрабілі дырэктарам Інстытута гісторыі мастацтваў. А вось Сяргей Пятроў практычна не пацярпеў і праз два гады абараніў доктарскую дысертацыю.

Праўда, у закрытым лісце ЦК згадалі далёка не ўсіх «гладыятараў». Падчас абмеркавання ліста ў калектывах высветлілася, што паслугамі «бардэля» карысталіся і іншыя людзі. Тады, у 1955-м, яны не пацярпелі. Напрыклад, беларус Міхаіл Іаўчук потым стаў рэктарам Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. А Сяргей Кафтанаў застаўся на пасадзе першага намесніка міністра культуры, а потым узначаліў Дзяржтэлерадыё СССР.
У гэтым была свая логіка. Аляксандраў, Яголін і іншыя былі прызначэнцамі Георгія Малянкова, які пасля смерці Сталіна стаў кіраўніком урада. За пасаду кіраўніка СССР з ім змагаўся Хрушчоў, які ўзначаліў кампартыю. Якраз у лютым 1955-га, калі ён атрымаў ліст пра падпольны бардэль, Малянкова ўдалося адправіць у адстаўку з пасады прэм’ера. Яго кадры засталіся безабароннымі, а таму адкрытымі для ўдару.
Гэта не значыць, што справа была прыдуманая. «Бардэль» сапраўды існаваў. Але Іаўчук і Кафтанаў прыхільнікамі Малянкова не былі, а таму за сэксуальныя ўцехі ў прытоне Крывашэіна іх не пакаралі.
«Мінск — гэта ў Сібіры?»
Амерыканец Лі Харві Освальд увайшоў у гісторыю як меркаваны забойца амерыканскага прэзідэнта Джона Кенэдзі. Між тым і ў яго біяграфіі была высылка ў Мінск. Як ён туды трапіў?
Не скончыўшы дзясяты клас школы, 19-гадовы Освальд у 1956 годзе паступіў у Корпус марской пяхоты ЗША, служыў у Японіі і на Філіпінах. Ужо ў той час калегі адзначалі прасавецкія погляды хлопца. Ён нават вывучыў рускую мову, але яго веды экзаменатары ацанілі як слабыя.

У верасні 1959 года Освальд звольніўся ў запас і выправіўся ў паездку ў СССР, якую запланаваў загадзя. Прыбыўшы ў Маскву ў кастрычніку, ён заявіў, што хоча атрымаць савецкае грамадзянства. Хадайніцтва адхілілі, і калі Освальд ускрыў сабе вены, яго адправілі ў псіхіятрычную лякарню. Выйшаўшы адтуль, Лі Харві ў апошні дзень 1959 года пайшоў у амерыканскае пасольства, дзе заявіў, што адмаўляецца ад амерыканскага грамадзянства. Тым часам інфармацыя пра яго ўжо прасачылася ў таблоіды ЗША. У наступныя дні ён даў некалькі інтэрв'ю амерыканскім журналістам, але потым адмовіўся ад камунікацыі — сядзеў у нумары гатэля і чакаў рашэння ўладаў.
Освальд спадзяваўся, што застанецца ў Маскве. Але 4 студзеня 1960 года хлопца запрасілі ў аддзел візаў і рэгістрацыі і паведамілі, што месцам яго жыхарства будзе Мінск. У дзённіку Освальд запісаў, што спытаў у чыноўніка, ці не знаходзіцца гэты горад у Сібіры. Той у адказ засмяяўся.
7 студзеня 1960 года 20-гадовы Освальд выйшаў на мінскім чыгуначным вакзале, дзе яго сустрэлі супрацоўнікі Чырвонага Крыжа. Амерыканец адразу ж трапіў пад назіранне супрацоўнікаў КДБ, якія фіксавалі кожны яго крок. Неўзабаве Освальд сустрэўся са старшынёй Мінгарвыканкама Васілём Шарапавым, які паабяцаў яму бясплатную арэнду кватэры. Сапраўды, першы час Лі Харві жыў у гатэлі «Мінск», а ўжо ў сакавіку атрымаў аднапакаёвае жыллё на беразе Свіслачы (сённяшні адрас — Камуністычная, 4).
На працу яго адправілі на Мінскі радыёзавод. Менавіта туды, у спецыяльнае канструктарскае бюро, незадоўга да гэтага адправілі 26-гадовага Станіслава Шушкевіча, будучага кіраўніка Беларусі. У аспірантуры Шушкевіч здаваў кандыдацкі мінімум па англійскай, а значыць, быў ва ўяўленні начальства чалавекам, які ведае гэтую мову. Рэальнасць жа была крыху іншай.
«Мову я ведаў пасіўна, як аспірант: англійскія артыкулы перакладаць нас навучылі, а вось размаўляць да сёння не ўмею. Мне, каб сэнс фразы зразумець, менавіта тэкст трэба ўбачыць — гэта, як я зразумеў, велізарны савецкі дэфект, ува мне непапраўны», — прызнаваўся ў адным з інтэрв'ю Шушкевіч.
Будучы палітык сустракаўся з Освальдам нячаста.
«Дзесьці цягам месяца займаўся — агулам у нас сем-восем, максімум 10 заняткаў было», — успамінаў будучы «белавежскі зубр».
Шушкевічу забаранілі распытваць Освальда пра яго жыццё і даведвацца якія-небудзь падрабязнасці. Таму яны ў асноўным гаварылі на агульныя тэмы.
«Завод, цэх, кіно, вуліца… Для амерыканца, які нядаўна ў Саюз прыехаў, у яго нармальная была руская, і мы з ім трошкі спрагалі, скланялі, каб граматыку ўдасканаліць (больш за ўсё я баяўся, што гэтаму хлопцу, слесарам да нас залічаным, дэталі на маю замову вырабляць даручаць — дакладна ж сапсуе!)», — казаў Шушкевіч. Дарэчы, ён так і не паверыў, што яго вучань потым забіў прэзідэнта ЗША.
Загадкавы амерыканец з «цудоўнага далёка» не мог не карыстацца поспехам у беларускіх прыгажуняў. Да таго ж ён сачыў за сваім выглядам, што прызнавалі нават мужчыны.
«Заўсёды вымыты быў і выпрасаваны: нашае адзенне ўбогае — а яе ўбогасць я разумеў! — дапусцім, вушанка плюшавая… Увогуле, нават гэтая прымітыўная экіпіроўка глядзелася на ім акуратна. Ён, мабыць, сам умеў у парадку яе падтрымліваць, і яго элегантнаму выгляду я проста зайздросціў», — прызнаваўся Станіслаў Шушкевіч.
Тым не менш у студзені 1961 года каханая Освальда Эла не прыняла яго прапановы рукі і сэрца. А ўжо ў сакавіку ён пазнаёміўся на танцах з Марынай Прусаковай.
«Я і Эрык пайшлі ў прафсаюз на танцы, — пісаў у сваім дзённіку Освальд. — Сумна, але ў апошнюю гадзіну мяне пазнаёмілі з дзяўчынай з французскай стрыжкай, у чырвонай сукенцы і белых туфлях. Мы танцуем, і я прашу дазволу праводзіць яе. Праводжу, разам з яшчэ пяццю іншымі кавалерамі. Яе завуць Марына. Мы адразу адно аднаму спадабаліся. Яна дае мне нумар тэлефона і з’язджае на таксі з не такім новым, як я, сябрам. Я іду дадому пешшу».
Ужо праз месяц, у красавіку 1961-га, Освальд прапанаваў ёй стаць яго жонкай. У лютым 1962 года ў Освальда і Марыны нарадзілася дачка Джун.

Але амерыканцу досыць хутка абрыдла жыццё ў Савецкім Саюзе. «Праца шэрая; заробленыя грошы няма куды патраціць. Няма начных клубаў ці боўлінга, няма месцаў адпачынку, акрамя танцаў. З мяне дастаткова», — фіксаваў ён у дзённіку яшчэ ў студзені 1961 года.
Цікава, што ў сваіх дзённікавых запісах Освальд расказвае, што жонка спачатку спалохалася ідэі мужа вярнуцца ў ЗША, але потым яе падтрымала. Матэрыялы сачэння КДБ, наадварот, ілюструюць сваркі ў сям'і, у якіх Марына нібыта зычыць мужу з’ехаць у Амерыку і «памерці па дарозе». Магчыма, спачатку жонка сапраўды была супраць пераезду, а потым змяніла рашэнне.
Праз год, вясной 1962 года, Освальд і Марына атрымалі ў амерыканскай амбасадзе ў Маскве дакументы, якія дазволілі ім эміграваць у ЗША. А 22 лістапада 1963-га ў Даласе быў застрэлены прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі. Яго забойцам — нягледзячы на велізарную колькасць канспіралагічных тэорый — Освальда многія лічаць дагэтуль. Высветліць праўду і вынесці прысуд яму суд не паспеў — мужчыну самога застрэлілі праз два дні пасля гэтых падзей падчас транспартавання. Марына Освальд яшчэ раз выйшла замуж і дагэтуль жыве ў ЗША.
Чытайце таксама


