Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Амкодор» национализировали решением Мингорисполкома с грифом ДСП? BELPOL передал «Зеркалу» непубличный документ
  2. «Обоим грозит исключительная мера». Застреленного в прошлом году мужчину заподозрили в подготовке теракта, по делу проходят его родители
  3. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  4. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  5. Навошта Лукашэнку паклікалі ў Маскву, дзе ён заявіў, што Беларусь не ўвойдзе ў склад Расіі? Спыталі ў аналітыка
  6. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  7. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  8. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  9. Заявления Путина о прорыве в Курской области могут говорить о его желании «затушевать» отказ от перемирия — эксперты
  10. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  11. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
Читать по-русски


Пасля сямі бесперапынных гадоў выступлення ў Турцыі яна пачала гуляць у Вялікабрытаніі — у складзе клуба «Лондан Лаянс». Беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна памяняла месца працы, але дакладна не грамадзянскую пазіцыю. Яна адна з самых актыўных дзейных спартовак, якія падтрымліваюць перамены пасля жніўня-2020. У інтэрв'ю «Люстэрку» Сныціна расказала пра сваю новую каманду і стаўленне да няўдачаў, успомніла паваротны момант у кар’еры, назвала адзін з сакрэтаў поспеху баскетбольнай зборнай і патлумачыла, чаму сімпатызуе Ціханоўскай і па-ранейшаму верыць у дэмсілы.

За апошнія два гады вы напэўна чулі выказванні чыноўнікаў і пра тое, што «спорт па-за палітыкай». Але жыццё паказвае, што гэта не так: пасля 9 жніўня 2020-га сотні атлетаў падписалі ліст супраць жорсткасці сілавікоў і за новыя выбары. Пасля многія з іх зазналі ціск: былі вымушаныя з’ехаць з краіны, аказваліся на «сутках», атрымалі тэрміны па крымінальных справах. У праекце «Спорт у палітыцы» мы размаўляем з атлетамі, якія не пабаяліся гаварыць пра тое, што важна для вельмі многіх беларусаў.

Фото: Lizzy Harrison
Кацярына Сныціна. Фота: Lizzy Harrison

Лондан, кідкі, пакуты

— Чым Лондан адрозніваецца ад месцаў, дзе вы жылі і гулялі?

— Усім. Я была ў Нью-Ёрку, Стамбуле — гэта таксама вялікія гарады. У Лондане прыкладна два месяцы — доўга чакала візу. Але адчуваю тут асаблівую энергетыку. Жыццё віруе. Усе некуды ідуць, да нечага імкнуцца. Мне вельмі падабаецца. У сталіцы Англіі захавалі шмат гістарычных будынкаў. А новае арганічна спалучаецца з даўніной. Хаджу па любой вуліцы і кайф.

— А ў гульнявым плане?

— Пакуль мучаюся. Не знаходжу паразумення з камандай, Выбіваюся з агульнага рытму. Ніяк не магу злавіць сваю гульню, кідок. Кожнае набранае ачко даецца з вялікай цяжкасцю. Магу забіць з дзевяці метраў, а потым прамазаць з-пад кальца. Унутраны дысбаланс. Не ведаю, з чым гэта звязана.

— Што рабіць?

— З майго асабістага досведу — важна не зацыклівацца. Выдыхаю — і працягваю рабіць сваю справу. Я шутар. Не буду задумвацца, ці кідаць, калі перад гэтым двойчы прамахнулася. Веру ў сябе. Хоць так было не заўсёды. Гадоў да 25 баялася зрабіць памылку. Лічыла, што мушу гуляць ідэальна. Калі ж прамахнуся — гэта канец свету. Не хачу нічога кепскага сказаць пра Андрэя Ваўлева (цяпер галоўны трэнер жаночай каманды «Мінск». — Заўв. рэд.), але ў «Гарызонце», дзе я пачынала, ён будаваў працу на крыку, страху. Мабыць, такое было бачанне трэнера, як выціскаць максімум з гульцоў. Мне яно давала больш пакутаў, чым радасці. Потым гэта не адзін год адбівалася на кар’еры, хоць я ў 17 гадоў з’ехала ў Францыю і бачыла перад вачыма шмат прыкладаў, калі легіянеры, тыя ж амерыканкі, абсалютна не хваляваліся, прамахнуўшыся. Трэніроўкі і гульні з іншаземкамі, кнігі па псіхалогіі дапамаглі і мне прыйсці да таго, што не трэба замарочвацца. Гучыць па-дурному, так? Зразумець у 25 гадоў, што прамашкі ў баскетболе — частка гульні. Але я расла з іншымі ўстаноўкамі.

— Трэнер, які зрабіў на вас найбольшы ўплыў?

— У турэцкім «Хатаі» два гады адпрацавала з Экінам Башам. Перад гэтым быў няўдалы адрэзак у Венгрыі. Прыехала да Баша, і ён вярнуў мне ўпэўненасць у сваіх сілах, падтрымліваў у любой сітуацыі. Нагадаў, што я люблю баскетбол і ўсё магу. Дарэчы, у Расіі, Турцыі, дзе я шмат гуляла, да легіянераў трэнеры звычайна ставяцца лаяльней, чым да мясцовых баскетбалістак.

— А з гульцоў, якія добра запомніліся?

— Даяна Таўразі (пяціразовая алімпійская чэмпіёнка. — Заўв. рэд.). Мы гулялі разам у маскоўскім «Дынама», дзе амерыканка пачынала расійскі этап кар’еры. На прыкладзе Таўразі я ўбачыла, наколькі гулец ведае сабе цану. У «Дынама» не быў па статыстыцы яе найлепшы год, але Даяна заўсёды заставалася сама сабой. Вучылася гэтаму. І кідку — мне падабалася, як хутка яна выпускае мяч. З задавальненнем гляджу гульні з яе ўдзелам.

Аперацыі, андэрдогі, зборная

— Не адзін спецыяліст па фізічнай падрыхтоўцы, у прыватнасці Уладзіслаў Мілашэўскі, адзначаў, што Сныціна ніколі не шкадавала сябе, працавала ледзь не больш за ўсіх. Гэта заўсёды было апраўдана?

— Тут таксама быў цікавы паварот. Раней я лічыла так: каб стаць лепшай, трэба больш трэніравацца. Магла лёгка працаваць у выходны або прыйсці пакідаць за гадзіну да агульнай трэніроўкі. Траўмаў хапала, але я лічыла, што трэба быць мацнейшай. Памылілася — цела не вытрымлівае нагрузак. У 25 гадоў мне прааперавалі абодва ахілавы сухажыллі. Гэта быў паваротны момант. Сур’ёзна задумалася, што мяняць, каб працягнуць кар’еру. Ненармальна набіраць форму, выходзіць на пік, а потым траўмавацца — лепш гуляць роўна, крыху не дабіраючыся да максімуму. Вырашыла, што з гэтага часу ніякіх дадатковых нагрузак. Трэніроўка доўжыцца тры гадзіны — выціскаю максімум за гэты час. Калі выходны — Сныціна адпачывае. Кропка. Як ні дзіўна, я пачала лепш гуляць. І колькасць траўмаў прыкметна скарацілася. Але ў кожнага гульца сваё разуменне і шлях у спорце. Не буду раздаваць парады.

— Ваш самы памятны матч?

— Дзве гульні на Кубку Прэзідэнта ў складзе «Хатая». Мы перамаглі ў 2016 і 2018 гадах у тытулаванага «Фенербахчэ». Прычым я была прызнаная самым карысным гульцом першага матча. Гэта асаблівыя моманты: ты прыязджаеш у ролі андэрдога і перамагаеш. Усе такія: «Вау!» Такая ж гісторыя была і ў Расіі, калі выступала за «Надзею». У 2010-м мы выйгралі ў гасцях у першым паўфінальным матчы ў нязменнага фаварыта УГМК, чаго наогул ніхто не чакаў. Я набрала 36 ачкоў. Перакрыла свой асабісты рэкорд толькі ў 2020-м, калі выступала за «Бешыкташ» (38 ачкоў).

— Як знайсці баланс паміж каманднай гульнёй і асабістай статыстыкай, якая напэўна робіцца гарантыяй кантракту на наступны сезон?

— Я не магу ўзяць мяч і абыграць усю каманду. Мая праца — зрабіць тры-чатыры крокі пасля заслону, атрымаць мяч і кінуць. У мяне былі такія сезоны, калі выступала з класнымі разыгрывальнікамі — рухалася ў нападзе па мінімуме. Чым лепш я гуляла ў камандны баскетбол, тым была больш паспяховай. А цяпер так, мучаюся. Часам грашу: бяру мяч, нікому не аддаю і спрабую вырашыць усё сама. Калі прайграем і нешта не працуе, то раблюся больш эгаістычнай на пляцоўцы.

— Нашая зборная дамаглася шэрагу поспехаў дзякуючы каманднаму баскетболу?

— У тым ліку. Мы так доўга паказвалі добрыя вынікі, таму што было шмат разнапланавых выканаўцаў. Пры гэтым умелі гуляць разам. Напрыклад, Леўчанка магла атрымаць мяч і вырашыць эпізод сама. Ці кагосьці выводзілі на кідок за кошт камбінацый. Пры гэтым у зборнай былі выдатныя першыя нумары: Наташа Марчанка і Воля Падабед. Потым Ліндсэй Хардынг, Алекс Бентлі добра ўпісаліся.

Пашпарт, медалі, страх

— Вы шмат падарожнічалі, гулялі ў баскетбол, камунікавалі з беларусамі, якія вымушана пераехалі. Нейкія гісторыі асабліва зачапілі?

— У кожнага свой боль. Напрыклад, прачытала гісторыю, як аднаго хлопца арыштавалі ў Мінску. Ён сядзеў, выйшаў, а потым з пашпартам у зубах пераплыў мяжу і апынуўся ў Вільні. І ў той жа дзень, як я даведалася гэтую гісторыю, мне прыйшло ад яго паведамленне ў Instagram, маўляў, Каця, дзякуй за грамадзянскую пазіцыю. Я такая: «Хадзем пакідаем мяч». Так і сустрэліся. Раскажу і іншую гісторыю. Пазнаёмілася з беларусамі, якія часам гуляюць у баскетбол. Аматары. Адзін хлопец падышоў да мяне, прадставіўся. Сказаў, што таксама пераплываў мяжу. І накіраваўся ў Вільню, бо сачыў за баскетболам і хацеў пазнаёміцца са мной. Ведаў, што я нярэдка бываю ў літоўскай сталіцы. Такія аповеды… да дрыжыкаў, да слёз. Я абдымаю людзей у такіх сітуацыях — не магу падабраць дарэчныя словы.

Фото: Lizzy Harrison
Кацярына Сныціна. Фота: Lizzy Harrison

— Летась вы тыдзень не карысталіся сацсеткамі пасля смерці Зельцэра. А ў 2022-м?

— Навучылася лепш спраўляцца з эмоцыямі. Магу менш спажываць навін у нейкі прамежак часу. Бывае, што проста перагледжу вечарам усё, што здарылася за дзень, каб не чытаць кожную гадзіну.

— Які цяпер ваш эмацыйны стан?

— Я магу ўявіць сябе ў Мінску, у асяроддзі беларусаў, у тым ліку новых сяброў, з якімі пазнаёмілася за апошнія два гады. І гэтая візуалізацыя праходзіць для мяне без болю. Ведаю, некаторым знаёмым фотаздымкі родных месцаў, вуліц у Беларусі ў рэальным часе прыносяць сум, самоту. А мяне гэта не мучыць. Перастала думаць, калі ўсё скончыцца. Проста ёсць мэта — вярнуцца ў свабодную краіну. У мяне так раней было з алімпійскімі медалямі. Іх заўсёды прыгожа прэзентавалі, мне падабалася глядзець, як будуць выглядаць узнагароды гульняў. Потым я да іх імкнулася падчас турніраў — як да фінішнай рысы (жаночая зборная Беларусі па баскетболе выступала на Алімпіядах у 2008 і 2016 гадах. — Заўв. рэд.). Цяпер таксама ідзе гульня. І мы працягваем змагацца.

— Завочныя суды, магчымае пазбаўленне грамадзянства за «экстрэмізм» — ініцыятывы ўладаў яшчэ здзіўляюць?

— Скажу каротка: не заўсёды варта каментаваць адэкватна неадэкватныя рэчы.

— Вам было калі-небудзь страшна з таго моманту, як вырашылі не вяртацца ў Беларусь?

— Летам 2021-га здымала кватэру ў Вільні. І пару дзён каля дома стаяла чорная машына з пасольскімі нумарамі. У ёй яшчэ і мужык сядзеў пануры. Вось тады было рэальна трывожна. Здавалася, што прыехалі па Сныціну. Прасіла сяброў, каб праводзілі мяне.

Ціханоўская, драмы, спакой

— Мяркуючы па вашых пастах, вы вельмі цёпла ставіцеся да Ціханоўскай. Чаму?

— Яна мне падабаецца. Хто з нас дадумаўся сабраць дакументы і пайсці на выбары? А Святлана зрабіла гэта. Паважаю яе за тое, што яна ўзваліла на сябе велізарны груз адказнасці і імкнецца наблізіць нашую перамогу.

— Пол уплывае на вашую сімпатыю?

— Я пакуль не думаю такімі катэгорыямі, маўляў, Святлана — сімвал фемінізму, раўнапраўя. Успрымаю свет праз спорт. У беларускім баскетболе жанчыны заўсёды былі больш паспяховыя за мужчын, таму дамінуюць. Калі ты найлепшая ці найлепшы, то даб’ешся поспеху ў той ці іншай галіне. Упэўненая, калі б на месцы Ціханоўскай быў мужчына, я б ставілася да яго з такой жа павагай.

— Скандалы, звязаныя з Аб’яднаным пераходным кабінетам, не змянілі вашага стаўлення?

— Скандалы ёсць заўсёды і ўсюды. Не было ніводнага сезона ў маёй кар’еры, каб у камандзе ўсё было гладка. Нават змудраліся яшчэ перад чэмпіянатам перасварыцца так, што потым увесь год адна частка калектыву не камунікавала з іншай. Але гэта людзі са сваімі эмоцыямі. У камандзе 12 баскетбалістак, трэнеры, дактары, масажысты — 17−20 чалавек. І яны, бывае, сварацца. А колькі тысяч аб’ядноўвае наш пратэст? Так што для мяне тое, што адбываецца, лагічна. Жыццё такое.

— Прывядзіце прыклад, праз што могуць моцна пасварыцца баскетбалісткі.

— З былым дзяўчыны з каманды пачала сустракацца іншая баскетбалістка. Гэта не спадабалася частцы гульцоў — і панеслася. Жаночыя моманты — хіба нам шмат трэба для сваркі (смяецца)? Я ў такіх сітуацыях стараюся заставацца ўбаку. Кажу, што мяне гэта не датычыць. Большасць канфліктаў было ў Турцыі. Яны наогул любяць такія драмы. Жыццё — як серыял. Але парадокс у тым, што на пляцоўцы ўсе аб’ядноўваліся. На трэніроўках — так, маглі паводзіцца як дзеці. Аднак падчас матчаў ператвараліся ў прафесіяналаў. Гатовыя былі забіваць за партнёраў. У мяне так было з «Хатаем» у сезоне-2015/16, калі мы сенсацыйна для ўсіх занялі другое месца ў чэмпіянаце Турцыі. Хоць некаторыя ледзь не ненавідзелі адзін аднаго па-за гульнямі. Але за кошт фізічнай і маральнай інтэнсіўнасці, якую набылі на трэніроўках, перамагалі супернікаў. Веру, што і нашыя дэмакратычныя сілы ў патрэбны момант з’яднаюцца дзеля агульнай перамогі. Пры ўсім сваім досведзе ніводны беларускі палітык не праходзіў праз тое, што адбываецца сёння. Таму цяперашнія скандалы — плюс.

— Чаго пажадаеце беларусам у 2023-м?

— Захаваць сябе, перш за ўсё. Калі пачалася вайна, мяне захліснуў негатыў: стала крыць матам, выказвала нянавісць. Гэта не мой звычайны стан. Не забывайце, хто вы і чаго хочаце, нягледзячы на ўсе падзеі вакол. Успрымаю як камплімент, калі кажуць, што беларусы спакойныя, мірныя. Можа, сёння гэта гучыць як пагарда, але для мяне гэта нашая сіла. У спакойным стане я магу зрабіць больш, чым сілкуючыся адной нянавісцю. Калі ў нас не атрымалася зрабіць усё адным рыўком у 2020-м, то будзем планамерна дзяўбці рэжым.