Падчас фармавання дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы нельга марнаваць ні капейкі на тое, без чаго можна абысціся. Такое даручэнне даў Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня падчас дакладу пра зацверджанне дзяржінвестпраграмы на 2025 год, перадае яго прэс-служба.
— Ні адной капейкі нельга марнаваць на тое, без чаго мы можам абысціся. Усякія офісы, канторы і іншае — у нас гэтага «барахла» хапае. Дзяржаўныя яны, для МУС, дзяржслужбоўцаў — усё роўна для каго, — цытуе палітыка дзяржагенцтва БЕЛТА.
Лукашэнка заклікаў падчас фармавання інвестпраграмы кіравацца прынцыпам «эканоміі, эканоміі, эканоміі» і даручыў КДК кантраляваць пытанне размеркавання сродкаў.
— Галоўнае вашае пытанне — гэта грошы, бюджэт, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да старшыні КДК Васіля Герасімава. — Вось туды вы павінныя глядзець і разбірацца. І кантраляваць адпаведны ўрад, міністраў, усіх, хто стаіць за гэтымі грашыма.
Палітык таксама падкрэсліў, што галоўным прыярытэтам дакумента «разам з будаўніцтвам дарог, школ і бальніц» мусіць стаць стварэнне сучасных вытворчасцяў, «а таксама аб’ектаў, дзякуючы якім мы будзем спакойна жыць пад мірным небам».
— Улічваючы важнасць гэтага года, варта будаваць і ўводзіць аб’екты з хуткай аддачай і комплексным эфектам. Гэта электрасеткі, дарогі, сувязь. Відавочна, што іх наяўнасць дазволіць даць больш вытворчых пляцовак, палепшыць лагістыку. Увогуле, неабходны гаспадарскі падыход да размеркавання наяўных рэсурсаў. І трэба не забываць, што экспарт зноў становіцца найважнейшым элементам у нашай эканоміцы. Вырабляем шмат. Палову мы спажываем, палову трэба прадаць, — адзначыў спікер.
Чытайце таксама