Прапагандысты, еўразійцы і ідэйныя камуністы. Расказваем, хто з 1 студзеня будзе агітаваць за Лукашэнку і яго спарынг-партнёраў
26 снежня 2024 у 1735227000
Якуб Пушноў / «Зеркало»
Цэнтрвыбаркам апублікаваў спісы давераных асобаў кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. «Люстэрка» вывучыла спіс тых, хто з 1 студзеня 2025 года будзе агітаваць за Лукашэнку і ягоных намінальных супернікаў, і выбрала самыя яркія фігуры. Расказваем.
Паводле Выбарчага кодэкса, давераныя асобы кандыдатаў дапамагаюць ім у правядзенні выбарчай кампаніі, вядуць агітацыю, прадстаўляюць інтарэсы ў дзяржаўных органах і на сустрэчах з выбаршчыкамі.
Закон дазваляе кожнаму прэтэндэнту мець да 30 давераных асобаў. Станам на 26 снежня максімальную колькасць заявілі толькі два прэтэндэнты на прэзідэнцкую пасаду - Сяргей Сыранкоў і Алег Гайдукевіч. У Ганны Канапацкай іх усяго сем.
Аляксандр Лукашэнка: кіраўнікі дзяржСМІ і галава арганізацыі, якая падтрымлівала яго канкурэнтку
У спісе давераных асобаў Лукашэнкі - 15 чалавек, палова ад дазволенай законам колькасці. Сярод іх кіраўнікі двух дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі - дырэктар інфармагенцтва БЕЛТА Дзмітрый Жук і старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.
Таксама сярод давераных асобаў Лукашэнкі тры сенатары - галоўны трэнер яго хакейнай каманды Дзмітрый Баскаў, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і былы віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы.
Характэрна, што даверанай асобай Лукашэнкі стала Вольга Шпілеўская, кіраўніца Беларускага саюза жанчын. Гэтая арганізацыя раней падтрымала вылучэнне ў кандыдаты Вольгі Чамаданавай, але тая праз некалькі дзён адмовілася ад удзелу ў кампаніі.
Сяргей Сыранкоў: былы паганец і ідэйныя камуністы
Старшыня Камуністычнай партыі Сяргей Сыранкоў зарэгістраваў у ЦВК максімальна магчымую колькасць давераных асобаў. Сярод гэтых 30 чалавек шмат яго паплечнікаў па партыі. Напрыклад, 88-гадовы Аляксей Камай, былы дэпутат Вярхоўнага савета СССР, які займаў у 1990−1991 гадах пасаду другога сакратара Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі.
Яшчэ адной даверанай асобай Сыранкова стаў 75-гадовы былы намеснік дырэктара Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) пры Адміністрацыі Лукашэнкі, доктар філасофскіх навук Леў Крыштаповіч. Гэтага правадніка ідэалогіі заходнерусізму можна назваць перакананым праціўнікам беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці. Прывядзём толькі назву адной з яго кніг - «Беларусь как русская святыня».
Яшчэ ў спісе давераных асобаў Сыранкова - былы неапаганец, праўладны палітолаг і прыхільнік ідэй еўразійства Аляксей Дзермант.
Алег Гайдукевіч: бацька і галоўны рэдактар дзяржаўнай газеты
Першым у спісе давераных асобаў кандыдата Алега Гайдукевіча ідзе яго бацька, былы старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч. Гайдукевіч-старэйшы тройчы браў удзел у выбарах прэзідэнта - у 2001 (атрымаў 2,48% галасоў), 2006 (3,5%) і 2015 (3,3%) гадах. Быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў (2004−2008 гады) і чальцом Савета Рэспублікі (2016−2019). У 2019-м пакінуў пасаду старшыні ЛДПБ, перадаўшы яе сыну Алегу.
Сярод давераных асобаў Гайдукевіча-малодшага таксама ёсць прадстаўніца дзяржаўнага сродку масавай інфармацыі. Гэта галоўная рэдактарка газеты «Гродзенская праўда» і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Бераснева. У 2023 годзе яна прызнала, што паміж ЛДПБ і іншымі зарэгістраванымі ў Беларусі партыямі практычна няма адрозненняў.
- Усе функцыянуем на адной ідэалагічнай аснове, - заяўляла Бераснева у каментары на сайце ЛДПБ.
Ганна Канапацкая: сын і ветэран выбарчых кампаній
Даверанай асобай кандыдаткі Ганны Канапацкай таксама стаў блізкі сваяк. Гэта яе сын Аляксей Канапацкі. Як пісала «Наша Ніва», ён быў адным з тых, хто даносіў на беларусаў сілавікам у 2020 годзе. Выданне знайшло ў базе BELPOL звесткі, што Канапацкі тэлефанаваў у міліцыю і расказваў, што людзі ў двары развешваюць бел-чырвона-белыя стужкі.
Таксама сярод давераных асобаў Канапацкай - адзін з ветэранаў беларускай апазіцыйнай палітыкі, сябра ліквідаванай уладамі партыі «Справядлівы свет» Сяргей Вазняк. Як напісаў сам мужчына ў Facebook, ён ужо пяць разоў быў даверанай асобай кандыдатаў у прэзідэнты - у 1994 (Васіль Новікаў), 2006 (Аляксандр Мілінкевіч), 2010 (Уладзімір Някляеў), 2015 (Таццяна Караткевіч) і 2020 (Андрэй Дзмітрыеў) гадах.
Вазняк таксама паведаміў, што пагадзіўся стаць даверанай асобай Канапацкай толькі з улікам выканання ёю дзвюх умоваў:
- Першая - яна пазіцыянуе сябе як альтэрнатыва дзейнай уладзе і выступае за дэмакратычныя перамены, другое - яна кажа, што на свабоду павінныя выйсці людзі, прыцягнутыя да адказнасці за падзеі 2020 года.
Таксама даверанай асобай Канапацкай стаў кіраўнік ліквідаванага ўладамі аб'яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. У 2022 годзе яго затрымлівалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. 30 лістапада таго ж года Анатоль Шумчанка прыняў рашэнне сысці «з нівы падтрымкі прадпрымальнікаў».
Аляксандр Хіжняк: дэпутаты і чыноўнікі сярэдняга звяна
Мабыць, самы нецікавы спіс давераных асобаў - у старшыні Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандра Хіжняка. Сярод 21 чалавека нават дасведчаным журналістам аказалася складана знайсці вядомых людзей. Амаль усе прадстаўнікі Хіжняка - дэпутаты розных узроўняў і дробныя чыноўнікі. Напрыклад, сярод іх дэпутатка Мінскага гарадскога савета Вікторыя Грынкевіч і старшыня камітэта па працы і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Барыс Яфрэмаў.
Чытайце таксама