БРЦ даведаўся, хто новы ўладальнік участка ў Сочы, які належаў Беларусі, але быў прададзены па цане, у 20 разоў ніжэйшай за рынкавую
18 снежня 2024 у 1734501660
Злата Сонцава / «Зеркало»
Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтра (БРЦ) знайшлі ўладальніка ўчастка ў Сочы, які раней належаў беларускай дзяржаве, але пазней быў прададзены па цане, значна ніжэйшай за рынкавую. Паводле звестак БРЦ, Беларусь магла страціць на гэтай угодзе каля 100 мільёнаў даляраў.
Як высветлілі журналісты, новы ўладальнік гэтага ўчастка ў Краснай Паляне - былы супрацоўнік Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі Аляксандр Раманоўскі.
«Тэрыторыя плошчай 9,7 га ў элітным курортным пасёлку Красная Паляна належыць ТАА "Комплекс-Інвест". У 2021 і 2022 гадах Аляксандр Лукашэнка двума сакрэтнымі ўказамі загадаў перадаць зямлю гэтай расійскай кампаніі па цане, у 20 разоў ніжэйшай за рынкавую, высветліў BELPOL. Беларусь магла страціць на гэтай угодзе каля 100 млн даляраў. У лютым 2024 года 99,9% "Комплекс-Інвест" купіў грамадзянін Беларусі Аляксандр Раманоўскі», - гаворыцца ў паведамленні БРЦ.
Раманоўскі - былы афіцэр аховы Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Іх можна ўбачыць разам на фатаграфіі з параду Перамогі 9 траўня 2014 года.
Нядаўна стала вядома, што праз ланцужок кампаній Раманоўскаму належыць таксама ўчастак у Абхазіі - 20 гектараў на ўзбярэжжы Чорнага мора. Улады самаабвешчанай рэспублікі перадалі яго кампаніі «Жамчужына 2010», доля Раманоўскага ў якой складае 90%. Гэта адбылося пасля візіту Лукашэнкі ў Абхазію ў верасні 2022 года.
Нагадаем, у красавіку гэтага года арганізацыя BELPOL апублікавала чарговае расследаванне пра махінацыі набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі. У заблытанай гісторыі продажу беларускага ўчастка плошчай амаль 1000 сотак у расійскім Сочы выйшлі на імаверную мэту схемы: пабудову новай рэзідэнцыі Лукашэнкі. І даведаліся пра яшчэ буйнейшую схему на 526 млн даляраў прыбытку.