«Ударна-прарыўны стыль». Экс-супрацоўнік Адміністрацыі Лукашэнкі расказаў, як рыхтуюць метадычкі для яго пераабрання
28 лiстапада 2024 у 1732815000
Якуб Пушноў / «Зеркало»
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў беларускія чыноўнікі атрымалі падрабязныя інструкцыі пра тое, як трэба весці агітацыю за пераабранне Аляксандра Лукашэнкі на новы тэрмін. Дакумент распрацоўвала яго адміністрацыя. Былы супрацоўнік гэтага ведамства расказаў «Люстэрку», як пішуць такія метадычкі для «абрання» Лукашэнкі, хто імі карыстаецца і чаму ў 2024 годзе ідэолагі змянілі падыходы ў падрыхтоўцы такіх дакументаў.
Імя суразмоўцы змененае дзеля яго бяспекі.
«Мог банальна зачытаць метадычку перад працаўнікамі, а мог падглядаць»
Дзмітрый працаваў у Адміністрацыі Лукашэнкі больш за пяць гадоў. У яго службовыя абавязкі ўваходзіла акурат падрыхтоўка тэзісаў для такіх «метадычак». Суразмоўца кажа, што, па аналогіі з прамовамі Лукашэнкі, над інструкцыямі працуюць практычна ўсе супрацоўнікі адміністрацыі.
- Напрамак задае звычайна кіраўніцтва, - тлумачыць Дзмітрый. - Да 2019 года падрыхтоўкай займаўся Інфармацыйна-аналітычны цэнтр, Пасля гэтую задачу перадалі ў Акадэмію кіравання. Туды ж перавандравала частка супрацоўнікаў былога ІАЦ. У Акадэміі яны заняліся тым самым, чым калісьці ў ІАЦ, то-бок напісаннем метадычак для адзіных дзён інфармавання.
Дзмітрый кажа, што ўнутры адміністрацыі матэрыялы для дзён інфармавання не называюць метадычкамі. Да іх ставяцца як да канспектаў лекцый, якія буйныя чыноўнікі чытаюць на сустрэчах з простымі людзьмі.
- Ідэя заключалася ў тым, каб буйныя фігуры з кіраўніцтва краіны - міністры, дзяржсакратар, кіраўнік адміністрацыі і яго намеснікі - раз на квартал ездзілі ў нейкія раёны. І выступалі там перад працаўнікамі з лекцыямі, інфармуючы іх пра тое, як касмічныя караблі барозняць прасторы акіяна, то-бок расказвалі б пра важныя тэмы нашай палітычнай рэчаіснасці, - іранічна адзначае суразмоўца. - Кожнаму кіраўніку, іх на [нашым] слэнгу называюць «правадырамі», вылучалі пэўны рэгіён. Напрыклад, Уладзімір Макей любіў ездзіць у Гродзенскую вобласць, адкуль ён сам родам. У кожную такую паездку кіраўнік атрымліваў метадычку, падрыхтаваную на тэму выступу. Яе яны выкарыстоўвалі як канспект для прамовы. «Правадыр» мог яе банальна зачытаць перад працаўнікамі, а мог падглядаць, расказваючы нешта ад сябе.
У Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый не працуе ўжо некалькі гадоў. Убачыўшы апошнія метадычкі, падрыхтаваныя да прэзідэнцкіх выбараў, ён адзначыў некаторыя змены ў распрацоўцы гэтых дакументаў.
- Падчас маёй працы ў адміністрацыі, змест кожнай метадычкі ўяўляў сабой звычайны тэкст, на 10−15 старонак. Цяпер жа пачалі рыхтаваць мультымедыйныя прэзентацыі, голы тэкст разбаўляюць ілюстрацыямі. Праца, якая лічылася гіблай справай, аказалася запатрабаванай у рэаліях пасля 2020 года, - кажа Дзмітрый.
«Паглыбленне спецыялізацыі ідэалагічнай работы»
Акрамя дадавання малюнкаў Дзмітрый заўважыў яшчэ адно істотнае адрозненне. Распрацоўшчыкі метадычак пачалі рыхтаваць іх для розных аўдыторый, чаго раней не было.
- Раней метадычкі пісалі максімальна простай мовай, лічылася, што тэкст лекцыі мусіць дайсці і натхніць апошняга працоўнага птушкафабрыкі ці міліцыянта, - сцвярджае суразмоўца. - Цяпер жа іх складаюць ужо пад розныя аўдыторыі - адзін тэкст прызначаны для рабочых, другі - для моладзі, трэці - для інтэлігенцыі. І калі для «простага» чалавека пішуць усё тым жа ўдарна-прарыўным стылем, то для настаўнікаў і дактароў - лісліва-разважлівым.
Са словаў Дзмітрыя, такія змены сведчаць пра трансфармацыю падыходу да ідэалагічнай працы ў Адміністрацыі Лукашэнкі і ўсяго дзяржаўнага апарату.
- Для прапаганды цяпер выкарыстоўваецца ўся ідэалагічная вертыкаль, - упэўнены былы чыноўнік. - Канспекты раздаюць і таварыству «Знание», і актывістам «Белай Русі», і агітатарам БРСМ. Гэта робіцца для таго, каб у іх не ўзнікала пытанняў, пра што гаварыць з людзьмі. Уявіце, вы кіраўнік мясцовага БРСМ, скажам, у Любанскім раёне і ідзяце выступаць у працоўны калектыў. Пры гэтым вы не ў курсе падзей вялікай палітыкі, бо ў мірным жыцці займаецеся больш прыземленымі рэчамі. Вам у дапамогу даюць гэты тэкст, і ў залежнасці ад таго, якая аўдыторыя вас чакае, вы абіраеце варыянт метадычкі. Я б назваў гэта паглыбленнем спецыялізацыі ідэалагічнай працы.
Чытайце таксама