«Структура „Белсата“ будзе захаваная». Аліна Коўшык пакідае Аб'яднаны пераходны кабінет і вяртаецца на старую працу
15 лiстапада 2024 у 1731672720
Якуб Пушноў / «Зеркало»
У тэлеканала «Белсат» - новая кіраўніца. Пасаду галоўнай рэдактаркі з 15 лістапада будзе займаць Аліна Коўшык. Да верасня 2022 года яна працавала на «Белсаце», а пасля была прадстаўніцай нацыянальнага адраджэння ў Аб'яднаным пераходным кабінеце. «Люстэрка» даведалася ў Коўшык падрабязнасці яе прызначэння і спытала, хто заменіць яе ў АПК.
У каментары «Люстэрку» Аліна Коўшык паведаміла, што прапанову наконт пасады галоўнай рэдактаркі «Белсата» яна атрымала ад кіраўніцтва Польскага тэлебачання (TVP).
- Прапанова паступіла ад дырэкцыі Польскага тэлебачання, бо «Белсат» - яго структурная адзінка, і кіраўніцтва TVP прымае рашэнне пра прыём на працу, - паведаміла Коўшык. - Рашэнне было ўзважанае, узгодненае і пракансультаванае.
Паводле Коўшык, пад яе кіраўніцтвам «Белсат» захавае незалежную рэдакцыйную палітыку, хоць і перастане быць самастойнай структурнай адзінкай Польскага тэлебачання.
- «Белсат» перастаў быць асобнай адзінкай і стаў часткай Цэнтра замежнага вяшчання TVP. Я буду кіраваць беларускай часткай гэтай рэдакцыі, - паведаміла новая кіраўніца. - Кіраўніцтва TVP мне паабяцала, што структура «Белсата» будзе захаваная, мы будзем праводзіць незалежную рэдакцыйную палітыку. Гэта было для мяне прынцыповым момантам.
Паводле інфармацыі «Люстэрка», новая кіраўніца будзе афіцыйна прадстаўленая калектыву «Белсата» сёння. Чакаецца, што на сустрэчы акрамя кіраўніцтва Польскага тэлебачання і супрацоўнікаў тэлеканала будзе прысутнічаць лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская.
У тэлеграм-канале палітыка ўжо з'явілася інфармацыя пра прызначэнне Коўшык на новую пасаду. Таксама паведамляецца, што яна пакіне Аб'яднаны пераходны кабінет.
- Цяпер вядуцца перамовы пра новае кіраўніцтва прадстаўніцтвам, але яно працягвае сваю працу па ўсіх стратэгічных кірунках, - кажа Коўшык. - Пакуль невядома, хто мяне заменіць, перамовы ідуць з некалькімі асобамі.
Аліна Коўшык - прафесійная журналістка. На «Белсаце» яна працавала з моманту яго заснавання. У верасні 2022 года сышла з тэлеканала пасля таго, як Святлана Ціханоўская прызначыла яе прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага пераходнага кабінета.