Даляр пабіў чарговы рэкорд. Эканамістка растлумачыла, што адбываецца на валютным рынку
15 лiстапада 2024 у 1731655800
Позірк
Зніжэнне беларускага рубля да гістарычнага мінімуму адносна даляра звязанае з тым, што нашая валюта адрэагавала на ваганні расійскай валюты да амерыканскай. Пра гэта выданню «Позірк» расказала старшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна.
Даляр на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 14 лістапада паставіў чарговы рэкорд - 3,3635 рубля.
- Мы не можам казаць, што адбываецца зніжэнне курсу нацыянальнай валюты адносна замежных валют у цэлым. Пакуль беларускі рубель рэагуе рознавектарна - да даляра зніжаецца, да расійскага рубля ўмацоўваецца, - сказала Анастасія Лузгіна, адзначыўшы, што валюта РФ падае і набліжаецца да адзнакі 100 рублёў за даляр.
Беларускі рубель заўсёды рэагуе на змены расійскага, падкрэсліла экспертка.
- Бо Расія - асноўны гандлёвы партнёр Беларусі, значныя разлікі паміж краінамі адбываюцца менавіта ў расійскіх рублях, - удакладніла эканамістка. - Калі б на зніжэнне курсу беларускага рубля да даляра ўплывалі нейкія ўнутраныя фактары, што азначала б наяўнасць праблемы дэфіцыту валюты ў Беларусі, то рубель мусіў бы зніжацца да іншых валют. У дачыненні да расійскай ён таксама зніжаўся б ці стаяў на месцы.
Эканамістка дадала, што цяпер рынкавыя механізмы спрацоўваюць так, што беларускі рубель паўтарае тэндэнцыі, але не цалкам капіюе ваганні расійскага рубля.
Чытайце таксама