У Мінску зноў затрымлівалі актывістку Ніну Багінскую, яна завязвала стужку ля Чырвонага касцёла — «Белсат»
31 кастрычнiка 2024 у 1730366580
Ігнат Пекарэвіч / «Зеркало»
Вядомую грамадскую актывістку Ніну Багінскую затрымалі ўвечары 30 кастрычніка на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Пра гэта стала вядома тэлеканалу «Белсат» ад уласных крыніц.
Паводле звестак канала, затрыманне адбылося ў той момант, калі Багінская завязвала бел-чырвона-белую стужку на дрэве ля закрытага Чырвонага касцёла ў Мінску.
Паведамляецца, што ў Маскоўскім РУУС на 77-гадовую Багінскую склалі адміністрацыйны пратакол. Міліцыянты пратрымалі жанчыну ва ўпраўленні больш за дзве гадзіны і адпусцілі да суда дадому.
Нагадаем, 30 кастрычніка «Белсат» паведамляў, што 19 кастрычніка ў Мінску на вуліцы Казлова Ніна Багінская ішла з плакатам, на якім было напісана «БНФ». Менавіта ў гэты дзень 36 гадоў таму быў створаны аргкамітэт арганізацыі.
Тады актывістку таксама затрымалі і адвезлі ў аддзяленне міліцыі, дзе завялі рукі за спіну і надзелі кайданкі. Яе пратрымалі тры гадзіны і адпусцілі да суда. Дата паседжання «Белсату» невядомая.
Ніна Багінская з канца 80-х удзельнічае ў вулічных акцыях апазіцыі, а таксама ладзіць іх самастойна, адзначае тэлеканал. Яе часта штрафавалі, сума штрафаў пераваліла за 20 тысяч даляраў. Грошы вылічваюць з пенсіі, але паколькі ўлады палічылі, што гэтага недастаткова, у жанчыны канфіскавалі лецішча з зямельным участкам. Акрамя таго, ёй забаронена да пагашэння доўгу карыстацца паслугамі мабільнай сувязі.