Лукашэнка заявіў пра «цяжкія» перамовы з прадстаўнікамі заходніх краін. Кавалеўскі сцвярджае, што іх не было
21 кастрычнiка 2024 у 1729515300
Якуб Пушноў / «Зеркало»
На фестывалі «Дажынкі-2024» у Валожыне Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў пятніцу, 18 кастрычніка, правёў «вельмі складаныя, цяжкія, але цікавыя перамовы» з прадстаўнікамі заходніх краін. Але не ўдакладніў, якія гэта былі краіны і пра што ішла гаворка. Тым часам кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва і экс-дыпламат Валерый Кавалеўскі заявіў «Люстэрку», што такіх перамоваў з Лукашэнкам не было.
Валерый Кавалеўскі - былы беларускі дыпламат, працаваў у Міністэрстве замежных справаў, спецыялізаваўся на беларуска-амерыканскіх адносінах. У 2002 годзе быў павераным у справах Беларусі ў ЗША. З 2022 да 2024 года - прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па міжнародных справах. Цяпер кіруе Агенцтвам еўраатлантычнага супрацоўніцтва.
- Я не магу называць крыніцу. Але інфармацыя пра перамовы з прадстаўнікамі заходніх краін, як казаў Лукашэнка, не пацвердзілася, - сцвярджае Валерый Кавалеўскі. - Ад нашых партнёраў таксама не паступала сігналаў пра тое, што ў мінулую пятніцу былі хоць нейкія сустрэчы іх прадстаўнікоў з Лукашэнкам - як у індывідуальным, так і ў групавым фармаце.
Пры гэтым «Белсат» паведамляў, што на мінулым тыдні Мінск сапраўды наведваў супрацоўнік дыпламатычнай службы Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Кевін Дойл. Паводле звестак канала, ён правёў сустрэчу з дыпламатамі беларускага МЗС. Пра гэты візіт стала вядома толькі днём у пятніцу, 18 кастрычніка. Можа, Лукашэнка сустракаўся з ім і іншымі прадстаўнікамі? Валерый Кавалеўскі сцвярджае, што не.
- З Кевінам Дойлам мы знаёмыя, у нас было некалькі сустрэч у Вашынгтоне, - тлумачыць Валерый Кавалеўскі. - Гэта супрацоўнік Дзярждэпартамента, які займаецца пытаннямі Беларусі на выканаўчым узроўні, а не на ўзроўні прыняцця рашэнняў.
У экс-дыпламата няма інфармацыі пра тое, якога ўзроўню чыноўнікі з МЗС Беларусі прысутнічалі на сустрэчы з Дойлам. Ён лічыць, што гэта былі не перамовы, а вывучэнне пазіцый і абмен думкамі што да некаторых важных для бакоў пытанняў.
- Сярод палітычных зняволеных у Беларусі ёсць амерыканскі грамадзянін Юрый Зянковіч, - нагадвае Валерый Кавалеўскі. - Імаверна, яго вызваленне таксама абмяркоўвалася на сустрэчы Дойла і прадстаўнікоў беларускага МЗС. Хоць, як я разумею з паведамленняў СМІ, нейкіх вынікаў дасягнуць не ўдалося. Тым не менш я таксама думаю, што палітычныя зняволеныя былі толькі адной з тэмаў абмеркавання.
Пра што яшчэ мог гаварыць Дойл з супрацоўнікамі МЗС Беларусі? Кавалеўскі лічыць, што адной з тэмаў магло быць пытанне вяртання ў Мінск амбасадараў заходніх краін.
Чытайце таксама