Параўналі цэны на жыллё ў Мінску і сталіцах суседзяў па ЕС — Варшаве, Вільнюсе і Рызе. Як думаеце, дзе хутчэй прыдбаць «квадраты»?
15 жнiўня 2024 у 1723728720
«Зеркало»
Жыхары сталіцы звычайна атрымліваюць самыя вялікія заробкі ў краіне, але і жыллё там, як правіла, даражэйшае, чым у рэгіёнах. «Люстэрка» вывучыла, наколькі даступная аднапакаёвая кватэра мінчукам у параўнанні з тымі, хто жыве ў Варшаве, Вільнюсе і Рызе. Аказваецца, «квадрат» у нас самы танны, але збіраць на сваю жылплошчу ўсё роўна давядзецца даўжэй.
Як адрозніваюцца цэны на квадратны метр?
Паводле звестак спецыялізаванага рэсурсу Global Property Guide, у чэрвені гэтага года сярэдні кошт квадратнага метра жылля ў Вільнюсе складаў 2754 даляры, у Рызе - 2693 даляры, а ў Варшаве - 4154 даляры. Ва ўсіх выпадках гэта метр у аднапакаёвай кватэры.
У гэтай статыстыцы няма Беларусі. Але паводле інфармацыі беларускіх аналітыкаў, у Мінску метр у аднапакаёўцы ў чэрвені ў сярэднім каштаваў 1601 даляр.
Зыходзячы з гэтага, аднапакаёўка памерам 45 «квадратаў» па чэрвеньскай цане ў сярэднім мінчуку абышлася б у 72 045 даляраў (231 264 рублі паводле курсу Нацбанка на 15 жніўня), жыхару Варшавы - у 186 930 даляраў (600,1 тыс. рублёў), Вільнюса - 123 930 даляраў (397,8 тыс. рублёў), а Рыгі - 121 185 даляраў (389 тыс. рублёў).
Выходзіць, у беларускай сталіцы самы танны квадратны метр і, адпаведна, ніжэйшы кошт сярэдняй аднапакаёвай кватэры.
Колькі трэба збіраць?
У суседніх краінах яшчэ не апублікавалі статыстыку па сярэдніх заробках за другі квартал, таму мы ўзялі звесткі за студзень-сакавік, каб ацаніць даступнасць квадратнага метра жылля. Дык вось, у першым квартале сярэдні заробак у Вільнюсе быў 2 529,6 еўра (каля 8949 рублёў), у Рызе - 1804 еўра (парадку 6382 рублёў), у Варшаве - 10 360,53 злотага (каля 8531 рубля). У Мінску сярэдні заробак за гэты ж адрэзак часу склаў 2 842,1 рубля. Ва ўсіх выпадках сумы да выплаты падаткаў.
Такім чынам, каб набыць аднапакаёўку памерам 45 квадратных метраў па сярэдняй чэрвеньскай цане, мінчуку трэба было б цалкам адкладаць сярэдні заробак цягам 6,8 года (і гэта нават без выплаты падаткаў, то-бок насамрэч збіраць трэба даўжэй). Крыху менш часу трэба жыхару Варшавы - амаль 5,9 года. З сярэднім заробкам у Рызе можна назбіраць на такое жыллё крыху больш чым за пяць гадоў. Хутчэй за ўсё такую пакупку мог бы сабе дазволіць жыхар Вільнюса - яму дастаткова 3,7 года.
Удакладнім, што нашыя разлікі - прыблізныя: адна з прычын - сумы мы ўзялі да выплаты падаткаў (а яны адрозніваюцца не толькі па краінах, але і ў розных людзей у межах адной дзяржавы).
Атрымліваецца, што пры самым танным квадратным метры жыллё такой плошчы менш даступнае ў Мінску, чым у сталіцах суседніх краін Еўрасаюза.
Чытайце таксама