АБСЕ адмовілася назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі ў Літве праз выстаўленыя Вільнюсам умовы. Яны датычаць Беларусі
8 мая 2024 у 1715166600
Delfi.lt
Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) не дашле назіральнікаў на прэзідэнцкія выбары ў Літве праз выстаўленыя Вільнюсам умовы. Краіна адмовілася дапусціць да назірання за выбарамі прадстаўнікоў Беларусі і Расіі, піша Delfi.lt.
Пра тое, што прадстаўнікі АБСЕ не прыедуць на выбары ў Літву, стала вядома 23 красавіка: там заявілі, што патрабаванне не дапускаць назіральнікаў з Беларусі і Расіі парушае абавязанні чальцоў арганізацыі.
З улікам таго, што падчас перадвыбарчай кампаніі ў Літве магчымая дэзінфармацыя, неталерантныя заявы ў сацыяльных сетках, і таго, што трэба старанна адсочваць перадвыбарчую кампанію ў сацыяльных сетках, інтэрнэце, у СМІ, АБСЕ рэкамендавала ўдзел камісіі на выбарах.
«Аднак праз выстаўленую ўмову мы не можам прыняць прапанову», - адзначылі прадстаўнікі арганізацыі.
МЗС Літвы пацвердзіла выданню, што запрашала чальцоў АБСЕ на выбары ў краіне, але без удзелу беларусаў і расіян.
«Літва, выконваючы міжнародныя абавязанні, запрасіла прадстаўнікоў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ і краіны АБСЕ, за выключэннем агрэсара Расіі і яе суўдзельніцы Беларусі, назіраць за выбарамі», - заявілі ва ўстанове.
Там таксама лічаць, што запрашэнне прадстаўнікоў абедзвюх краін на выбары было б «насмешкай з дэмакратыі».
«Міжнародная ізаляцыя злачынных рэжымаў Расіі і Беларусі - паслядоўны і прынцыповы кірунак замежнай і ўнутранай палітыкі абароны Літвы, які мы збіраемся працягваць», - сцвярджаюць у літоўскім МЗС.
Прэзідэнцкія выбары ў Літве пройдуць 12 траўня, датэрміновае галасаванне пачалося 7 траўня. У выбарчай кампаніі ўдзельнічаюць восем кандыдатаў, уключаючы цяперашняга прэзідэнта Гітанаса Наўседу (ён балатуецца на другі тэрмін) і прэм'ер-міністра Інгрыду Шыманітэ.