У 2023 годзе беларусы купілі ў Польшчы амаль 2 тысячы кватэр
17 красавiка 2024 у 1713356340
MOST
У 2023 годзе беларусы купілі ў Польшчы 1955 кватэр і дамоў, вынікае са статыстыкі МУС краіны, якую прыводзіць партал GetHome.pl. Гэта на 46% больш, чым у 2022 годзе. Усяго за мінулы год замежнікі купілі ў Польшчы 14 346 жылых памяшканняў і 2545 камерцыйных, піша MOST.
Беларусы - не самыя актыўныя замежнікі на польскім рынку жылля (для параўнання: украінцы заключылі 6852 угоды), але іх попыт расце хутчэй за ўсё. З 2020 года колькасць беларусаў, якія купляюць жыллё ў Польшчы, вырасла больш чым у чатыры разы.
Актывізацыі ўгодаў у 2023 годзе спрыяла прыняцце льготнага крэдыту пад 2% для тых, хто набываў першае жыллё ў Польшчы. Ён быў даступны не толькі грамадзянам Польшчы, але і замежнікам.
У параўнанні з іншымі выхадцамі з краін Усходняй Еўропы беларусы купляюць кватэры самай вялікай плошчы. Агульная плошча набытага грамадзянамі Беларусі жылля дасягнула 111,1 тыс. квадратных метраў. Гэта значыць, што сярэдняя плошча кватэры склала 56,8 квадратнага метра. Ва ўкраінцаў гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні 55,4 квадратнага метра, а ў расіян - 48.
Часцей за ўсё замежнікі купляюць жыллё ў буйных гарадах: Варшаве, Кракаве, Вроцлаве, Лодзі, Познані, Гданьску.