«Паранаідальна шукаў маскоўскі, амэрыканскі след». Новыя падрабязнасці пра сустрэчу Лукашэнкі з апанентамі ў СІЗА КДБ ў кастрычніку 2020-га
11 красавiка 2024 у 1712825520
Радыё Свабода
10 кастрычніка 2020 года Лукашэнка прыехаў у СІЗА КДБ (так званую «амерыканку») на сустрэчу са сваімі апанентамі, у тым ліку Віктарам і Эдуардам Бабарыкамі, Сяргеем Ціханоўскім і іншымі. Яе ўдзельнікі, паліттэхнолаг Віталь Шкляраў і адвакат Ілля Салей, у падкасце «Архіпелаг БЕЛАГ» падзяліліся новымі падрабязнасцямі гэтай падзеі. Іх пераказвае «Радыё Свабода».
У «амэрыканку» 10 кастрычніка 2020 году на сустрэчу з Лукашэнкам прывезьлі 12 чалавек. Гэта былы прэтэндэнт на прэзыдэнцтва Віктар Бабарыка, ягоны сын Эдуард, блогер Сяргей Ціханоўскі, адзін з кіраўнікоў кампаніі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілія Ўласава, былы топ-мэнэджар «Белгазпрамбанку» Сяргей Дабралёт, уладальнік галерэі «Ў» Аляксандар Васілевіч, Кірыла Бадзей, які ўзначаліў «Белгазпрамбанк» пасля адстаўкі Бабарыкі, паліттэхнолаг Віталь Шкляраў, адвакат Максім Знак, адвакат Ілля Салей, бізнэсовец і тагачасны сябра ініцыятыўнай групы Бабарыкі Юры Васкрасенскі.
Шкляраў: «Гэта жорсткі, бязлітасны чалавек»
Паліттэхнолаг Віталь Шкляраў родам з Гомеля, мае беларускае і амэрыканскае грамадзянства, працаваў у выбарчых кампаніях Абамы, Сандэрса, Сабчак і грузінскай апазыцыі. У ліпені 2020-га яго затрымалі. Віталь быў фігурантам «справы Ціханоўскага», хоць яшчэ да затрымання заяўляў, што не быў кансультантам Сяргея Ціханоўскага і ніколі на яго не працаваў. Шклярава вызвалілі пасля некалькі месяцаў зняволення, калі адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з дзяржаўным сакратаром ЗША Майкам Пампео.
Віталь Шкляраў кажа, што шмат думаў і спрабаваў зразумець, навошта Лукашэнка арганізаваў тую сустрэчу з палітвязнямі.
- Думаю, што на момант жніўня-верасня Лукашэнка не разумеў, што адбываецца. Ён прывык да таго, што кантралюе сытуацыю. Чалавек 30 гадоў жыве на сваёй арбіце, дзе ўсё непахісна, а тут адбываецца нешта, што ты не можаш патлумачыць. Чалавек з ягонай адукацыяй і жыццёвым досведам не можа зразумець, што людзі могуць быць іншыя, што яны змяніліся, што час іншы. Ён паранаідальна шукаў здраднікаў, завадатараў, маскоўскі, амэрыканскі след ва ўсім гэтым. Шукаў, як жа так адбылося, хто пачаў і чаму. Ён не мог на той момант зразумець, што ўвесь пратэст быў абсалютна дэцэнтралізаваны і без лідэрства. У яго, напэўна, быў набор гіпотэзаў, чаму гэта адбывалася.
Паліттэхнолаг лічыць, што на сустрэчу прыехаў адзін Лукашэнка, а пасля яе гэта быў зусім іншы Лукашэнка.
- Ён хацеў паглядзець, што гэта за людзі, як ён казаў, якія хочуць яго «знесьці з улады». Гэта быў адзін чалавек, які зайшоў у камеру да пачатку размовы, а ў сярэдзіне, пры канцы размовы гэта быў зусім іншы чалавек. Многія з прысутных павінны былі запомніць фразу, якую ён кінуў. Яна мне разанула слых і запомнілася надоўга. Ён сказаў: «Як добра, што ў вас нічога не атрымалася. Вы дзеці, вы яшчэ не разумееце, што такое палітыка, вас бы расейцы і Пуцін зжэрлі б, як ельцынскіх дэмакратаў». Сыходзіў ён у поўнай перакананасці, як мне падалося, што нас можна не баяцца, што ён кантралюе сытуацыю, што мы «ўсе дзеці».
Я казаў пра ягоную адукацыю і ягоны жыццёвы шлях, таму што толькі чалавек, які вырас у савецкай дзяржаве, вырас на гэтым састарэлым уяўленні пра сьвет, ролю дзяржавы і ролю асобы ў дзяржаве, можа быць настолькі наіўны і думаць, што толькі такія, як ён, «памазанікі божыя», могуць вяршыць гісторыю. Ён дагэтуль не разумее, што ёсць людзі, ёсць сіла вуліц, людзей, і яна акумулятыўна нашмат мацнейшая і мае большую рацыю, чым сіла аднаго асобна ўзятага дыктатара.
Паводле Шклярава, Лукашэнка размаўляў з кожным з прывезеных на сустрэчу палітвязняў.
- Быў дыялог. Шмат размоваў было і пра Беларусь, і пра рэформу Канстытуцыі (тады яна наспявала), пра самі пратэсты. Да мяне звяртаўся, гаворачы пра мяне, як да амэрыканскай (у мяккім сэнсе слова) жанчыны лёгкіх паводзінаў і як да здрадніка, які працуе на ФБР, які разам з палякамі заварыў усю гэтую кашу. Ён не мог зразумець і дагэтуль не разумее, што ягоная кансьпіралогія - гэта ўсяго толькі гісторыя, якая жыве ў ягонай галаве. Ніякай змовы, ФБР ці палякаў, якія на мяжы толькі чакаюць загаду з ЗША, каб пачаць уварванне ў Беларусь, няма. Ён жыве ў сваім свеце, у сваім падмане.
Шкляраў перакананы, што Лукашэнка не ў стане спыніць рэпрэсіі.
- Гэта жорсткі, бязлітасны чалавек. Адзіная ягоная мэта - утрыманне ўлады і ягонае жыццё, што раўназначна. За дзесяцігодздзі кіравання ён «набіў руку» пугай, жорсткасцю і стаўленнем да людзей як да жывёлаў, якія ягоная ўласнасць. Наіўна меркаваць, што чалавек, які пражыў 70 гадоў у гэтай парадыгме, неверагодна дэфармаваны такім стаўленьем да людзей і лёсу сваёй краіны, зменіцца ў апошнюю дэкаду свайго жыцця і раптам падабрэе ці раптам сядзе за стол перамоваў. Гэта абсалютна немагчыма.
Салей: Лукашэнку было цікава самому паглядзець на гэтых людзей
Юрыст перадвыбарнага штабу Віктара Бабарыкі, адвакат Марыі Калесьнікавай Ілля Салей правёў у «амэрыканцы» ўсяго адну ноч пасля сустрэчы Лукашэнкі з палітвязнямі ў кастрычніку 2020-га. Былы палітвязень называе тую сустрэчу мэдыйнай кампаніяй.
- Гэта, безумоўна, мэдыйная кампанія. У той момант дзейнай уладзе неабходна было паказаць, што яны гатовыя размаўляць з апазыцыяй. Размаўляць у іхным своеасаблівым разуменні, бо нармальнай размовай, нармальным дыялогам гэта назваць нельга. Калі людзей прыводзяць на сустрэчы, не папярэджваючы, людзей, якіх трымаюць у СІЗА, у якіх душ раз на тыдзень, ні пра якую нармальную, паўнавартасную размову гаворка ісці ня можа. Па-другое, я лічу, што гэта быў асабісты інтарэс Аляксандра Лукашэнкі, які 26 гадоў думаў, што ён ведае абсалютна ўсю апазыцыю ў краіне, а тут з'явіліся нейкія новыя асобы, пра якіх ён ніколі не ведаў, якіх ніколі не бачыў. Думаю, што яму было цікава асабіста самому паглядзець на гэтых людзей ужывую.
Сустрэча ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка 2020 году працягвалася чатыры з паловай гадзіны. Напачатку дзяржаўныя каналы не паведамілі, што на сустрэчы быў і Сяргей Ціханоўскі. Пра гэта стала вядома, калі яму ў гэты ж дзень дазволілі патэлефанаваць жонцы Святлане. Паводле яе, Ціханоўскі сказаў «быць больш жорсткімі», працягваць сустракацца з сусветнымі лідэрамі і працягваць змагацца.
Адваката Максіма Знака паьля сустрэчы перавялі ў іншую камеру. Ягоныя абаронцы адзначалі, што ўмовы ўтрыманьня ў яго пагоршыліся.
Паведамлялася, што пасля таго, як Віталь Шкляраў паскардзіўся, што даўно не быў у лазні, яе арганізавалі для ўсіх удзельнікаў сустрэчы з Лукашэнкам.
Марыя Калеснікава не прысутнічала на сустрэчы Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ. У эфіры «Эхо Москвы» яе абаронца расказваў, што напярэдадні Марыю наведалі двое мужчын, якія прапанавалі ёй «пагутарыць з прэзыдэнтам». Паводле словаў адваката, Калесьнікава заявіла: у Жодзіне ў ізалятары ёй спакайней, чым ездзіць з незнаёмымі людзьмі.