Польскае МЗС растлумачыла, хто і чаму прыпыніў праграму Poland. Business Harbour
26 студзеня 2024 у 1706274360
«Зеркало»
Міністэрства замежных справаў Польшчы растлумачыла, чаму з 26 студзеня спыненая выдача візаў Poland. Business Harbour (PBH). Таксама МЗС расказала, на які тып візаў цяпер могуць прэтэндаваць тыя, хто раней падыходзіў пад крытэры праграмы PBH.
Польскае МЗС адзначае, што рашэнне прыпыніць удзел Міністэрства замежных справаў Польшчы ў праграме Poland. Business Harbour прыняў міністр Радаслаў Сікорскі. Дыпламатычнае ведамства заявіла, што праграма не будзе адноўленая, «пакуль не будуць прынятыя рашэнні для забяспечання належнай праверкі кампаній і замежнікаў, якія з'яўляюцца яе бенефіцыярамі».
- Паводле ацэнкі Міністэрства замежных справаў, праграма Poland. Business Harbour не апраўдала ўскладзеных на яе надзей, - гаворыцца ў паведамленні. - Сярод іншага, у грамадскай прасторы былі выказаныя пярэчанні што да выкарыстання візаў, выдадзеных у межах праграмы, з мэтамі, несумяшчальнымі з яе ўмовамі.
МЗС Польшчы таксама паведамляе, што замежнікі (у тым ліку беларусы), якія прэтэндуюць на працу ў IT-сектары ў Польшчы, па-ранейшаму могуць падаваць заявы на атрыманне візы на агульных падставах:
- Міністэрства замежных справаў пачне працу па спрашчэнні візавых працэдур для прадстаўнікоў бізнес-сектара, асабліва ў галінах, найбольш запатрабаваных польскай эканомікай.
Праграма Poland. Business Harbour першапачаткова была створаная ў 2020 годзе для грамадзян Беларусі - айцішнікаў і іх сем'яў, якім давала шэраг ільгот. Праз год яе дзеянне было пашыранае на грамадзян Украіны, Грузіі, Малдовы, Арменіі, Расіі і іншых краін - усяго іх 44. Аднак пераважная большасць уладальнікаў IT-візаў - усё роўна беларусы: паводле ацэнкі польскіх палітыкаў, такіх каля 65 тысяч чалавек.
Чытайце таксама