«Тады далей без мяне». Арцём Шрайбман расказаў, як пасля выбараў 2020 года Макей у перапісцы з ім пагадзіўся сысці ад Лукашэнкі
20 жнiўня 2023 у 1692551880
«Зеркало»
Міністр замежных справаў, ужо нябожчык Уладзімір Макей, адразу пасля выбараў 2020 года выказаў гатоўнасць пакінуць апарат Лукашэнкі ў выпадку, калі той адмовіцца ад дыялогу з дэмсіламі. Аднак у выніку палічыў за лепшае застацца на сваёй пасадзе. Пра гэта ў YouTube-шоу «Часікі цікаюць» расказаў палітычны аналітык Арцём Шрайбман, які, як ён кажа, у тыя дні перапісваўся з міністрам у сацсетках.
Паводле Арцёма Шрайбмана, у першыя дні пасля выбараў у жніўні 2020-га ён здабыў кантакт Уладзіміра Макея ў Telegram, і ў яго з міністрам адбылася кароткая перапіска ў мэсэнджары.
- Я яму нешта такое пафаснае напісаў на тэму таго, што цяпер гістарычны момант - можна ўвайсці ў гісторыі альбо [як прыхільнік народа], альбо так, як ён у выніку ўвайшоў, - расказаў Шрайбман.
Ён успомніў, што прапанаваў Макею падзяліцца кантактамі людзей са стваранай тады Каардынацыйнай рады, калі ў яго ўзнікне жаданне арганізаваць дыялог з дэмсіламі.
- І ён мне напісаў, што плануе сам ісці да Лукашэнкі (ён сказаў «наверх», то-бок да таго, хто вышэйшы за яго) і ініцыяваць дыялог. Вось гэтае слова «дыялог» я запомніў.
Паводле аналітыка, гэтая перапіска з кіраўніком МЗС адбылася ў яго ў прамежку з 13 да 15 жніўня - пасля выбараў, гвалту супраць пратэстоўцаў і пачатку жаночых акцый, але яшчэ да першага буйнога пратэснага маршу 16 жніўня.
На пытанне Шрайбмана пра тое, што будзе, калі Лукашэнка адмовіцца ад дыялогу і зробіць стаўку на гвалт (як у выніку і атрымалася), Макей адказаў: «Тады далей без мяне». І на гэтым перапіска скончылася, успамінае аналітык.
- Але дыялог быў пасланы як найдалей, і Макей застаўся [на сваёй пасадзе], - падсумаваў Шрайбман.
Ён прызнаўся, што скрыншотаў дыялогу з Макеем у яго не засталося, бо «захоўваць такую перапіску тады было небяспечна».
- Аднак, паколькі ён памёр, я думаю, што магу пра гэта казаць, - падкрэсліў аналітык.
Нагадаем, Уладзімір Макей раптоўна памёр 26 лістапада 2022 года ва ўзросце 64 гадоў. Дакладная прычына смерці невядомая, паводле паведамленняў некаторых СМІ, у яго здарыліся праблемы з сэрцам. Макей дзясяткі гадоў працаваў на дзяржслужбе і з 2012 года ўзначальваў Міністэрства замежных справаў Беларусі.