Дзе і як жывуць тыя, хто з'ехаў з краіны, і колькі з іх хоча вярнуцца. З'явілася новае апытанне беларусаў, якія аказаліся за мяжой
20 студзеня 2023 у 1674201960
«Зеркало»
Большая частка прадстаўнікоў дыяспары беларусаў за мяжой жыве ў Польшчы, Грузіі і Літве. Пры гэтым абсалютная большасць тых, хто з'ехаў, сочыць за сітуацыяй на радзіме. Пра гэта гаворыцца ў апытанні, якое правялі «Народнае апытанне» і «Цэнтр новых ідэй». Адказваючы на пытанне пра вяртанне ў краіну, больш чым траціна не змагла даць адназначны адказ, 6% дакладна не плануюць гэтага рабіць і амаль 18% заяўляюць, што «адназначна вернуцца».
Анлайн-апытанне праводзілася з 3 па 30 кастрычніка 2022 года з дапамогай ботаў у праграмах Viber і Telegram. У ім узяў удзел 1631 рэспандэнт.
Важна адзначыць, што апытанне не з'яўляецца рэпрэзентатыўным і ахоплівае не ўсіх беларусаў замежжа, а, як сцвярджаюць аўтары, толькі актыўную частку, то-бок дыяспару. Пры гэтым аўтары не тлумачаць, каго адносяць да гэтай самай дыяспары. Аднак вынікі даследавання дазваляюць зразумець некаторыя аспекты жыцця беларусаў, якія з'ехалі з краіны, у сітуацыі, калі адсутнічаюць паўнавартасныя даследаванні па гэтай тэме.
«Дакладных звестак пра колькасць беларусаў у эміграцыі на сённяшні дзень няма, таму нашае даследаванне варта ўспрымаць хутчэй як ілюстрацыю трэндаў і тэндэнцый у беларускай дыяспары, чым як рэпрэзентатыўнае сацыялагічнае апытанне», - папярэджваюць аўтары апытання.
Прыкметная частка беларусаў з'ехала ў 2021−2022 гадах
Аўтары апытання адзначаюць, што больш чым тры чвэрці прадстаўнікоў дыяспары - гэта людзі, маладзейшыя за 40 гадоў: 18−30 гадоў - 30%, 31−40 гадоў - 47%. Пераважная большасць - людзі з вышэйшай або паслядыпломнай адукацыяй. Больш за ўсё беларусаў, якія паўдзельнічалі ў апытанні, з'ехала ў 2021−2022 гадах і жыве ў Польшчы, Грузіі і Літве. Гэтыя краіны ў цэлым найчасцей выбіралі для пераезду: у Польшчу з'ехалі 45% апытаных, у Грузію - 10%, у Літву - 8%. На чацвёртым месцы аказалася Германія (6%). Тыя, хто з'язджаў з Беларусі да 2020 года, часцей выбіралі краіны Старой Еўропы (Германію, Францыю, Англію), ЗША ці Канаду, а таксама Расію.
Беларусы, што з'ехалі ў 2021−2022 гадах, складаюць найбольш важкую «актыўную частку беларускай дыяспары» (64%). Застаюцца зацікаўленымі і актыўнымі ў «справах, скіраваных на карысць Беларусі» таксама 14% тых, хто з'ехаў 8−15 гадоў таму. Пры гэтым ядро беларускай дыяспары сфармавалася з тых, хто з'ехаў да 2015 года, адзначае аўтар даследавання, сацыёлаг Генадзь Коршунаў.
Пасля 24 лютага 2022 года 39% беларусаў замежжа змянілі месца жыхарства адзін або некалькі разоў (35%). Гэта можа значыць, што многія маглі быць ва Украіне.
Беларусы часцей за ўсё з'язджалі з прычыны ўнутранай сітуацыі ў Беларусі
Самыя распаўсюджаныя прычыны пераезду: адчуванне неабароненасці ў Беларусі (59,2%), боязь пераследу з боку ўладаў (48,9%), адсутнасць перспектываў для самарэалізацыі (35,1%), эканамічныя праблемы (28,1%) і жаданне пазбегнуць ужо прызначанага адміністрацыйнага або крымінальнага пакарання (21%). Прычым непалітычныя прычыны больш датычаць тых, хто з'ехаў з Беларусі да 2020 года.
9 з 10 рэспандэнтаў як мінімум раз на дзень чытаюць навіны пра падзеі ў краіне, а 75% апытаных робяць гэта некалькі разоў на дзень. Беларуская дыяспара таксама
захоўвае сувязі з блізкімі людзьмі, якія засталіся ў краіне. Гэта перш за ўсё датычыць сувязяў са сваякамі (93%) і сябрамі (80%), пры гэтым інтэнсіўнасць камунікацыі з калегамі і аднадумцамі, што засталіся ў краіне, істотна ніжэйшая. Падтрымліваюцца таксама сувязі паміж беларусамі, якія з'ехалі з краіны. Пры гэтым большая частка апытаных (61%) пераважна камунікуе з беларусамі па ўсім свеце, а не ў той краіне, дзе жыве.
- Пераважная большасць бярэ той ці іншы ўдзел у грамадскай або грамадзянскай дзейнасці. Не ўдзельнічаюць 15%. Вялікая доля тых, хто не бярэ ў ёй удзелу, - гэта людзі з хвалі 2022 года. З іх адмаўляецца ад такога кшталту дзейнасці дзесьці чвэрць, - расказаў Генадзь Коршунаў падчас прэзентацыі.
Палова праяўляе сваю грамадзянскую актыўнасць у сацсетках, крыху менш чым палова дапамагае іншым людзям, якія маюць у гэтым патрэбу. Амаль 42% фінансава дапамагаюць грамадска-грамадзянскай дзейнасці, больш чым чвэрць дапамагае канкрэтным грамадскім арганізацыям і праектам, каля 17% валанцёраць.
Што з працай і фінансамі
Палова апытаных беларусаў замежжа працуе па найме ў прыватным сектары, прыкладна 20% вызначаюць сябе як фрылансераў (ІП і самазанятыя). Адказы на пытанне пра матэрыяльнае становішча паказалі, што 12% з іх маюць вельмі высокі даход, 34% маюць сродкі, дастатковыя для куплі аўтамабіля, 28% могуць свабодна дазволіць сабе дарагія пакупкі.
Чвэрць апытаных прызналася, што не плануе вяртацца ў краіну. З іх 6% сказалі, што дакладна гэтага не зробяць. Хочуць вярнуцца ў Беларусь 42% рэспандэнтаў, з іх «дакладна» хочуць вярнуцца 17,8%. 32,6% адказалі «цяжка сказаць».
«Калі ў першыя гады міграцыі толькі "фактар Лукашэнкі" перашкаджае вярнуцца ў Беларусь, то з цягам часу ступень яго ўплыву пачынае зніжацца. Па меры ўкаранення на новай тэрыторыі даводзіцца браць у разлік і іншыя фактары, якіх становіцца ўсё больш», - адзначаюць аўтары апытання.