У Аргенціне падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю
23 снежня 2024 у 1734942960
Reform
«Яны пашкадуюць, што назвалі мяне дзіўным», - так заканчваецца ліст, напісаны па-беларуску 12-гадовым падлеткам, які прыйшоў у школу ў Буэнас-Айрэсе з пісталетам і спісам імёнаў, піша Reform.news.
Аргенцінскія СМІ сцвярджаюць, што гэта была дзяўчынка, але, мяркуючы з фота запісаў, іх напісаў хлопчык. Нацыянальнасць не называецца.
Першым пра інцыдэнт у сярэдняй школе № 7 у муніцыпалітэце Фларэнсіа Варэла паведаміў тэлеканал C5N. 12-гадовы падлетак 17 снежня прынёс у навучальную ўстанову 9-міліметровы пісталет. Як мяркуецца, ён планаваў забіць сваіх аднакласнікаў: у яго быў спіс з 14 імёнаў вучняў і адной настаўніцы. Аднак план сарваўся, бо адзін з аднакласнікаў заўважыў у заплечніку пісталет і паведаміў пра гэта выкладчыцы, якая адразу ж перадала інфармацыю кіраўніцтву школы. Падлетка выклікалі да дырэктара, што дазволіла перадухіліць трагедыю.
Падчас расследавання сярод рэчаў падлетка знайшлі лісты з запісамі. Журналісты C5N вырашылі, што тэкст на кірыліцы напісаны па-руску, але гэта беларуская мова. Таксама частка запісаў зробленая на англійскай.
«Я павінен паглядзець, бо я не ведаю, колькі я маю куль… 5 абавязкова, тады я выклічу міліцыю. Нумар: 107 хуткая дапамога, 911 міліцыя. А настаўніцу прыродазнаўства заб'ю.
Яны пашкадуюць, што назвалі меня дзіўным», - гаворыцца ў лісце.
Таксама быў знойдзены спіс з 14 імёнаў людзей, якіх падлетак нібыта планаваў забіць у вызначаным парадку. На адным з лісткоў былі нумары экстранных службаў. Таксама сярод нататак былі малюнкі зброі і кулі.
Журналісты атрымалі доступ да перапіскі ў мэсэнджары паміж падлеткам і аднакласнікам, дзе той пісаў: «Школьная страляніна. Усё роўна ўсе ўжо ведаюць». На што сябар спытаў: «Якая страляніна? Што здарылася?» Падлетак адказаў: «Мне ўсё надакучыла, ніхто мяне не любіць».
Яго знаёмы паспрабаваў супакоіць, напісаўшы: «Многія людзі любяць цябе, і я адзін з іх. Ты неймаверны чалавек, і табе трэба думаць пра тых, хто цябе цэніць». У адказ падлетак прызнаўся ў сваіх намерах: «У мяне быў план на тры месяцы, да 6 траўня 2025 года. У мяне ёсць два сапраўдныя пісталеты, якія належаць маёй маме - яна паліцэйская. Я збіраўся ісці па адным. Але адзін ідыёт усё сапсаваў».
Адна з маці вучняў школы расказала журналістам пра здарэнне і запатрабавала гарантый бяспекі для дзяцей. Яна заявіла: «Паводле дырэктара, падлетак з заплечнікам знаходзіўся пад наглядам. Бацькоў выклікалі ў школу, і заплечнік са зброяй быў перададзены ім. Бацькі - супрацоўнікі паліцыі. Аднак выклік паліцыі зроблены не быў».
Маці таксама адзначыла, што падлетак усяго год вучыцца ў школе і зазнаў булінг, хоць невядома, калі гэта пачалося. Паводле яе, падлетак паказаў зброю аднакласніку, які спачатку не паверыў, але пасля таго як яму прадэманстравалі пісталет, паведаміў пра гэта выхавальніку.
«Выкладчыкі прытрымліваліся школьнага пратакола. Наколькі нам вядома, падлетак больш у школу не прыходзіў», - расказала жанчына ў эфіры праграмы Mañanas Argentinas тэлеканала C5N.